РТБД запускае аўдыяпадкаст “Сэнс: да і пасля” - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

РТБД запускае аўдыяпадкаст “Сэнс: да і пасля”

Новы праект “Сэнс: да і пасля” – аўдыяпадкаст Жанны Гурынай, дзе аўтар разам з асобамі РТБД даследуе эмацыйны і сэнсавы сусвет спектакляў праз прызму адчуванняў тых, хто іх стварае.
РТБД запускае аўдыяпадкаст “Сэнс: да і пасля”

Аўдыяпадкаст Жанны Гурынай – гэта ваш асабісты аўдыягід у “сезоне сэнсаў” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Гэта прастора даверу, запаволенасці і ўнутранай цішыні – месца, дзе нараджаюцца глыбінныя ўсведамленні і асэнсаванні. Тут не проста размаўляюць пра спектаклі. Тут у гутарках-медытацыях шчыра і глыбока даследуюць эмацыйны і сэнсавы сусвет спектакляў РТБД праз прызму адчуванняў тых, хто іх стварае. Не чакайце “ правільных ”  адказаў, адзнак і разбору сюжэтаў, іх не будзе. Задача аўдыяпадкасту  –  не столькі знайсці адказ, колькі накіраваць сваю ўвагу на тое, што прагне ўвагі. Разам услухацца, угледзецца і выявіць тое, што застаецца за кулісамі: ціхія эмоцыі, патаемныя пачуцці, раптоўныя думкі, унутраныя інсайты і тыя самыя глыбінныя сэнсы, з якіх і ствараецца магія тэатра.

“Сэнс: да і пасля” – падкаст-праваднік, які дапаможа вам не проста глядзець спектаклі, а пражываць іх на новым, больш глыбокім і ўсвядомленым, узроўні праз гісторыі, адчуванні і сэнсы тых, хто іх стварае. 

І мы запрашаем вас, сябры, далучыцца да гэтага падарожжа.

Першым госцем сэнсавага падкасту стала Юлія Гружэўская. У гэтым выпуску Жанна разам з Юліяй перажылі, як нам падаецца, сапраўдную тэатральную алхімію, адправіўшыся ў падарожжа па сэнсавых лабірынтах спектакля “ Вось я і прыйшла! “  ролі Юліі Гружэўскай у ім і, канешне, па ўнутраных лабірынтах свядомасці самой Юліі. 

Запрашаем да праслухоўвання, а таксама сумеснага адкрыцця сэнсаў!

І, канешне, заставайцеся з намі, шаноўныя, каб не прапусціць ніводнага выпуску. Слухайце нас “ да ”  паходу ў тэатр, каб настроіцца, альбо “ пасля ”, каб абмеркаваць з намі самыя патаемныя ўражанні.

РТБД