РТБДом: сакавік – красавік - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

РТБДом: сакавік – красавік

Сябры!
З 1 сакавіка па 15 красавіка вы зможаце паглядзець спектаклі "Альпійская балада", "Карней" і "Паляванне на сябе" і ўбачыць, наколькі розным можа быць пачуццё свайго Дому.
РТБДом: сакавік – красавік

Што для вас значыць “пачуццё дому”? Ці задумваліся вы над гэтым? Наколькі шырокае гэтае паняцце для вас? Што вы ў яго ўкладваеце?
Прапануем паразважаць над гэтым разам з новай відэападборкай спектакляў ад РТБД.

 

“Альпiйская балада”
(запiс 2022 года)

Ваенная аповесць, 16+

Пачуўся роў сірэны… аўтаматная чарга, сабакі… Няўжо атрымалася? Няўжо сапраўды Іван і Джулія змаглі вырвацца з фашысцкага пекла сярод Альпаў? Але што далей? Холад, крыху хлеба на дваіх. Смерць? Не! Варта бегчы, толькі бегчы, каб выжыць, галоўнае – выжыць, каб быць шчаслівымі.

Спектакль “Альпійская балада” паводле аднайменнай аповесці класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава – гэта далікатна-кранальная гісторыя кахання, захавання міласэрнасці і чалавечага гонару ў жудасных і бесчалавечных абставінах. А таксама гэта разважанні аб тым, чаму людзі цкуюць, знішчаюць і гвалтуюць адзін аднаго.

У спектаклі, створаным па ваеннай аповесці, арганічна спалучаюцца пластыка, відэакантэнт і абсалютна натуральны спосаб існавання акцёраў на сцэне.

Глядзець анлайн

 

“Карней”
(запiс 2023 года)

Гісторыя аднаго дома, 16+

Беларуская зямля і яе народ на працягу ўсяго існавання падвяргаліся складаным выпрабаванням. Вялікая Айчынная вайна – адна з найтрагічных старонак нашай гісторыі. Тое, што нельга забыць, бо ў жыцці ўсё ўзаемазвязана: паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй, паміж усім жывым на зямлі існуе непарыўная нябачная сувязь.

“Карней” – гэта спектакль, у якім галоўным прадметам даследавання становіцца Дом. Дом як сімвал, як пачуццё, як сувязь з роднай зямлёй, як злучальнае звяно пакаленняў, досведаў, часоў і выпрабаванняў.

Галоўны герой Карней – мясцовы пацукалоў, неадназначны, дзівакаваты чалавек, якога любяць усе дзеці і, як потым выяўляецца, усе мышы. Ён марыць аб Доме, шукае яго – сваё месца. Аднак, калі знаходзіць, здараецца страшнае… Вайна, перад тварам якой чалавек, як і ўсё жывое, – вельмі хісткая, крохкая істота, дробязь, пясчынка. Як, сутыкнуўшыся з такой дадзенасцю, такой рэчаіснасцю, засцерагчы, адстаяць, абараніць сімвал сувязі з роднай зямлёй, родам – свой Дом?..

У аснове спектакля – апавяданне Уладзіміра Караткевіча “Карней – мышыная смерць”, а таксама ўрыўкі з празаічных твораў пісьменніка, яго вершаў і эсэ.

Глядзець анлайн

 

“Паляванне на сябе”
(запiс 2023 года)

Не камедыя, 18+

Жыў-быў чалавек з прозвішчам Зілаў. Звычайны чалавек са звычайным прозвішчам. І была ў яго звычайная жонка. Як раптам… ён атрымаў кватэру! Здавалася б, усё ў яго павінна быць добра. Але ён аказваецца замураваны ў лабірынце ўласнай свядомасці. А ў лабірынце гэтым шмат квэст-пакояў, дзе яго чакаюць жонка, палюбоўніца, сябры. З кожным крокам Зілаў заблытваецца ўсё больш. Ці знойдзе ён выхад?

Спектакль “Паляванне на сябе” пра тых, хто лічыць сябе дарослым, а на справе аказваецца дзіцём, якое ўпершыню патрапіла ў такі квэст-пакой уласнага жыцця.

Стас Жыркоў аб спектаклі: “Часцей за ўсё гэту гісторыю разглядаюць як вельмі бытавую, але на самой справе ў п’есе закладзены небытавы ход. І менавіта таму мне цікава паглядзець на гэтага аўтара зараз, бо час дае розныя магчымасці для працы на сцэне. Што гэта будзе? Адказваю проста: гумар, гумар, гумар і яшчэ раз гумар, толькі смеху будзе станавіцца не больш, а менш. Не заўсёды чалавек смяецца тады, калі хоча…

Акцёры РТБД – фантастычныя. Іх рашучасць, апантанасць тэатрам, іх жаданне быць лепш – усё гэта дапаможа спектаклю стаць не проста “Паляваннем на сябе”, а “Дзікім паляваннем на сябе!!!””

Глядзець анлайн

 

Будзем удзячныя вам, шаноўныя гледачы, калі вы падзеліцеся сваімі думкамі з намі ў сац.сетках. Дзякуй, што выбіраеце РТБД, анлайн і афлайн. Гэта – сапраўдная каштоўнасць!

РТБД