РТБДом: красавік – май - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

РТБДом: красавік – май

Сябры!
Новы відэарэпертуар ужо даступны для прагляду! Гэтым разам мы аб’ядналі спектаклі пад тэмай “усё не тое, чым здаецца”. З 17 красавіка па 31 мая вы можаце паглядзець спектаклі “Вар’ятка”, “Камень дурасці” і “Махляры”.
РТБДом: красавік – май

“Вар’ятка”
(запiс 2023 года)

трагіфарс у дзвюх частках, 18+

Адным звычайным днём да звычайнага мужчыны падыходзіць звычайная жанчына і прапануе яму грошы! За што? За невялікую паслугу, “чыстая дробязь”. Толькі даведаўшыся аб гэтай паслузе, усе навокал стануць гэтую звычайную жанчыну лічыць ненармальнай. Але што такое норма наогул, і каго можна лічыць нармальным, а каго не?

“Спектакль РТБД “Вар’ятка” – гэта калі вельмі смешна, а потым “прыбівае” і не адпускае колькі дзён. Калі шукаеш сваё адлюстраванне ў іншым чалавеку, але кожнае новае люстэрка разлятаецца на асколкі. Калі жыць у сучаснасці немагчыма, таму што мінулае замясціла яго цалкам, а ў будучыню глядзець страшна. Калі “ненармальным” у нейкі момант можа аказацца кожны з нас.” Рэжысёр Т.Траяновіч

Глядзець анлайн

 

“Камень дурасці”
(запiс 2022 года)

драма, 16+

Сумесная пастаноўка Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Міжнароднай канфедэрацыі тэатральных саюзаў і Рэгіянальнага грамадскага фонду падтрымкі Міжнароднага тэатральнага фестывалю імя А. П. Чэхава

Папулярным сюжэтам у карцінах нідэрландскіх мастакоў Сярэднявечча з’яўлялася “выдаленне каменя дурасці”, згодна з якім хірург нібыта вылечвае пацыента ад дурасці. У галандскай жа мове “выразаць камень” азначае падмануць, таму дзеянне на карцінах нагадвае больш шарлатанства, чым сапраўдную хірургічную аперацыю.

Сучасная гісторыя беларускага драматурга Канстанціна Сцешыка – гэта меланхалічныя сцэны з жыцця чалавека, які перанёс складаную аперацыю на галаўным мозгу. Пазбавіўшыся свайго “каменя дурасці”, галоўны герой Раман пачынае востра адчуваць бессэнсоўнасць таго, што адбываецца ў яго жыцці і навокал. Здаецца, так было заўсёды: блізкія, што падманваюць сябе, прапаведуючы чужыя ім “правілы жыцця”, пустыя сустрэчы, размовы. Толькі цяпер гэта стала больш відавочным і невыносным. Чым для Рамана з’явіцца “камень дурасці”? І ці толькі ў негатыўным кантэксце магчыма яго прачытанне?

Глядзець анлайн

 

“Махляры”
(запiс 2024 года)

містычная трагікамедыя, 16+

Што можа быць больш азартным, чым сумеснае махлярства? Будзе яно тэатральным альбо картачным – азарт ёсць азарт! У містычнай трагікамедыі “Махляры” рэжысёра Сяргея Фядотава ідэя бязлітаснага падману становіцца прасторай тэатральнай гульні, абаяльнай і віртуознай. Глядач зможа пагрузіцца не проста ў свет містыкі, ён адчуе на сцэне прысутнасць тагасветных сіл, у руках якіх апынуцца ўсе ўдзельнікі загадкавага працэсу. Гатовыя да спектакля, у якім усё – містыка, і містыкі, у якой усё – рэальнасць? Тады жадаем вам прыемнага прагляду!

Глядзець анлайн

 

Дзякуй, што застаяцеся на хвалі #сапраўдныхэмоцый, анлайн і афлайн! Гэта вялікая каштоўнасць для кожнага з нас!

РТБД