Да канца гэтага тэатральнага сезона (то бок да 12 ліпеня) прапануем вам спектаклі “Бетон”, “Тэсты для дарослых” і “Сталіца Эраўнд”. Падаследуем разам тэму зносім паміж людзьмі ў гарадской прасторы.
“Бетон”
(запіс 2017 года)
візуальная паэзія 18+
Тысячы і тысячы ўнутраных кіламетраў у надзеі збегчы ад кахання альбо ад яго адсутнасці…
Пошук паратунку ў тым жа, ад чаго бяжым…
Безнадзейная падобнасць да герояў старажытнагрэчаскага міфу пра Арфея і Эўрыдыку…
І сустрэча з адзінотай, змешчанай у адзіны гіганцкі абсалют холаду і бяздушнасці – у бетон.
“Тэсты для дарослых”
(запiс 2023 года)
камедыя 16+
Пастаноўка Святланы Навуменка “Тэсты для дарослых” паводле п’есы добра вядомага ва ўсім свеце харвацкага драматурга Міра Гаўрана “Не да смеху” прапануе іранічную і адкрытую размову на класічную тэму – як захаваць каханне і павагу ў сям’і.
Падчас спектакля глядач стане саўдзельнікам працэсу першаснай тэрапіі, пройдзе папулярныя псіхалагічныя тэсты і адчуе сябе часткай гэтай парадаксальнай гісторыі.
“Тэсты для дарослых” – тэрыторыя, дзе і акцёры, і гледачы змогуць не баяцца быць сапраўднымі, не заганяць сябе ў рамкі, а ў агульным патоку энергіі пражываць пачуцці, што ўзнікаюць у моманце, тут і зараз. Калі вы гатовы да нечаканых псіхалагічных адкрыццяў і да размовы з гумарам на сур’ёзную тэму адносін, праходзьце “Тэсты для дарослых” разам з РТБД!
“Сталіца Эраўнд”
(Запіс 2017 года)
Парадаксальная камедыя 16+
Вагон метро. Два незнаёмыя паміж сабою маладыя мужчыны. Магчыма, яны б ніколі не сустрэліся і не распачалі гутарку, калі б цягнік метро выпадкова не спыніўся паміж станцыямі.
Але, як вядома, выпадковасцяў не існуе і тое, што здараецца з намі, заўсёды для чагосьці патрэбна.
Для чаго адбылася гэта нечаканая сустрэча? Як яна зменіць жыццё герояў? Як паўплывае на іх лёсы?
Мы жадаем вам прыемнага прагляду і запрашаем вас дзяліцца з намі тымі спектаклямі-скарбамі, якія вы хочаце ўбачыць падчас нашых вакацый. Рады быць з вамі афлайн і анлайн!