РТБДом: снежань – студзень - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

РТБДом: снежань – студзень

Сябры!
Новы месяц – новы відэарэпертуар РТБД па вашых заяўках. Вы шмат пісалі нам пра гэтыя спектаклі, а мы з задавальненнем пакажам іх вам у відэафармаце!
З 1 снежня па 15 студзеня вы зможаце паглядзець спектаклі “Вецер шуміць у таполях” і “Профіт”.
РТБДом: снежань – студзень

“Вецер шуміць у таполях”
(запіс 2022 года)

камічная трагедыя ў дзвюх частках 16+

У ролях: Густаў – Максім Брагінец, Фернан – Дзмітрый Давідовіч, Рэне – Арцём Курэнь

Цягам жыцця галоўныя героі – ветэраны вайны, якія знаходзяцца перад “тварам вечнасці”, – не страцілі пачуццё гумару, веру ў лепшае і прагнае жаданне ісці да сваёй мары. Яны нават збіраюцца ў паход!

Ці змогуць Густаў, Фернан і Рэнэ зберагчы шчырасць, жыццялюбства, каханне і адвагу перад крокам у вечнасць?..

Камічная трагедыя французскага драматурга Жэральда Сіблейраса – гэта філасофская гісторыя, складзеная з успамінаў, шкадаванняў, мараў і жартаў, напоўнена светлым сумам, дасціпнасцю і іроніяй.

Глядзець анлайн

 

“Профіт”
(запіс 2017 года)

трагікамедыя з жыцця дзяржслужачых 18+

Куды каціцца свет? Што не так з сучасным грамадствам? Дзіўна, але гэтымі ж пытаннямі задаваўся Аляксандр Астроўскі яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя ад імя свайго персанажа Жадава ў п’есе “Даходнае месца”.

Прайшло амаль паўтары стагоддзі, а пытанні застаюцца актуальнымі. У кожнага чалавека свае жыццёвыя прынцыпы. Адзін выбірае грошы, фінансавы дабрабыт, багацце. Другі – багацце душэўнае, сумленнасць, адказнасць, гонар. У кожнага свая выгада ад такога жыццёвага выбару, свой профіт. Але хто выйграе? А калі да гэтых каштоўнасцяў дадаць каханне? Ці маем мы права рабіць другога чалавека заложнікам свайго рашэння, альбо павінны ісці на кампраміс дзеля кахання? Сучасны погляд на вечныя пытанні аб чалавечых каштоўнасцях у пастаноўцы РТБД.

Глядзець анлайн

 

Мы жадаем вам прыемнага прагляду і запрашаем вас дзяліцца з намі тымі спектаклямі-скарбамі, якія вы хочаце ўбачыць напрацягу гэтага сезона. Рады быць з вамі афлайн і анлайн!

РТБД