РТБДом: студзень – люты - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

З 16 студзеня па 29 лютага мы з задавальненнем пакажам вам спектаклі “Пачупкі”, “Беларусь. Дыдактыка” і “Шлюб з ветрам”. А таксама прыемным бонусам, спадзяемся, стане для вас паказ архіўнага спектакля “Жанчыны Бергмана”.

“Пачупкi”
(запiс 2022 года)

песня ў адной дзеі 16+

Чорная прастора на чорным фоне… дзе амаль нічога не бачна. Месца, дзе аддадзена перавага беларускаму фальклору, пабудове гуку і працы глядацкага ўяўлення… Жыццё чалавека вызначаюць тры ключавыя этапы – народзіны, шлюб і смерць. Спектакль “Пачупкі” з’яўляецца працягам гісторыі “Шлюба з ветрам”, другім крокам пагружэння рэжысёра Карняга, кампазітара Аверкавай і РТБД у беларускую культуру. “Пачупкі” – спектакль-роздум на тэму нараджэння дзіцяці. Спектакль, у якім галоўным выяўленчым сродкам выступае менавіта гук.

Глядзець анлайн

 

“Беларусь. Дыдактыка”
(запiс 2017 года)

Дарога да сябе 12+

Вучонае, дастаткова неэмацыйнае слова “дыдактыка” тут выступае ключом да таго, як адчуць прыгажосць роднай мовы і закахацца ў яе. У спектаклі праз творы класічнай беларускай літаратуры, праз фальклор, песні, якія яе маці калісьці напявала ёй, Таццяна Рыгораўна Мархель у суправаджэнні выдатнага музыкі Дзмітрыя Лук’янчыка дзеліцца сваім вопытам, разважаннямі аб сваім месцы ў свеце, аб адносінах з людзьмі, рэчаіснасцю, прыродай, сваім народам.

Глядзець анлайн

 

“Шлюб з ветрам”
(запiс 2020 года)

Песня ў адной дзеі 16+

Лёс мужчыны, які знаходзіцца ў палоне чужых рашэнняў. Матчына любоў, якая паглынае сына і паралізуе яго асобу. Гісторыя, расказаная не словамі, а складзеная ў самым сэрцы народа, з рытму і песень, што гучаць як рэха знікаючых вёсак.
Спектакль «Шлюб з ветрам» – гэта спроба ўз’яднання са сваімі каранямі.
Рэжысёр Яўген Карняг – знак якаснага візуальнага і сэнсавага эксперыменту. Кожны яго спектакль надзвычай дакладна трапляе ў самую балючую кропку сучаснага грамадства.

Глядзець анлайн

 

БОНУС! Спектакль “Жанчыны Бергмана”
(запiс 2002 года)

…Ноч. Крык у ночы. У крыку – боль і страх. Боль адчаю і страх сваёй бездапаможнасці. Ты прыйдзеш у гэты свет, і ўсё жыццё табе наканавана быць самотным. Сыходзячы ў іншы свет, з сабою возьмеш толькі сваю самоту. Але можа быць, на свеце знойдзецца такі ж няшчасны чалавек, які… не, не пакрыўдзіць цябе сваім шкадаваннем, а дасць надзею, прымусіць паверыць у свае сілы і, значыць, выратуе… Магчыма, коштам свайго жыцця… Інгрыд і Ліў – двое з шасці мільярдаў самотных.

Глядзець анлайн

 

Жадаем вам прыемнага прагляду! І чакаем новых тэатральных сустрэч, як анлайн, так і афлайн.

РТБД