РТБДом: май - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

РТБДом: май

Відэарэпертуар на май РТБД прысвячае 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
РТБДом: май

Дарагія гледачы, з 1 па 31 мая вы можаце паглядзець спектаклі “Альпійская балада” і “Хатыня”, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны і аб’яднаныя тэмай захавання чалавечнасці і міласэрнасці падчас аднаго з самых цяжкіх выпрабаванняў нашай зямлі.

Спектакль “Альпійская балада”

ваенная аповесць, 16+
запіс 2022 года

РТБДом: май

Пачуўся роў сірэны… аўтаматная чарга, сабакі…
Няўжо атрымалася? Няўжо сапраўды Іван і Джулія змаглі вырвацца з фашысцкага пекла сярод Альпаў? Але што далей? Холад, крыху хлеба на дваіх. Смерць?
Не! Варта бегчы, толькі бегчы, каб выжыць, галоўнае – выжыць, каб быць шчаслівымі.

Спектакль “Альпійская балада” паводле аднайменнай аповесці класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава – гэта далікатна-кранальная гісторыя кахання, захавання міласэрнасці і чалавечага гонару ў жудасных і бесчалавечных абставінах. А таксама гэта разважанні аб тым, чаму людзі цкуюць, знішчаюць і гвалтуюць адзін аднаго.

Глядзець анлайн

Спектакль “Хатыня”

прадчуванне трагедыі, 12+
запіс 2024 года

Хатыня

– Маланка так стрэльнула, што аж сасна згарэла…
– Абы большай бяды не было…

Людзі, якія прадчувалі бяду. Людзі, якія жылі ў няведанні, разгубленасці, бяссіллі. Людзі, перад якімі кожны дзень паўставаў адзін і той жа выбар, які на самой справе быў выбарам без выбару. Людзі вёскі Хатынь.

Што мы ведаем пра іх? Якімі яны былі, як жылі, як ставіліся адзін да аднаго, да наваколля, што адчувалі напярэдадні трагедыі, аб чым думалі, гутарылі, з чым прачыналіся і засыналі? Калі б яны маглі нам нешта сказаць… То што б гэта было?

“Хатыня” – а менавіта так сваю вёску называлі мясцовыя – гэта гісторыя людзей, якія жылі з прадчуваннем “большай бяды”…

Глядзець анлайн

Рады быць вашым правадніком #сапраўдныхэмоцый, афлайн і анлайн. Дзякуй, што вы падзяляеце іх з намі. Гэта вялікая каштоўнасць для нас.

РТБД