РТБДом: ХХХ СЕЗОН.
СНЕЖАНЬ
Прывітанне, сябры!
На сувязі відэаархіў РТБД. Кожны месяц мы знаёмім вас з цікавымі спектаклямі з гісторыі нашага тэатра. Іх ужо не пабачыш на сцэне, але ўспаміны, асабліва відэаўспаміны – гэта тое, што хочацца захаваць і чым хочацца падзяліцца.
У снежні мы прапануем вам паглядзець цудоўныя спектаклі!
“Дзіця з Батлеема” (запіс тэлеверсіі спектакля 90-х гадоў)*. Непаўторная Таццяна Мархель і батлеечны спектакль паводле Новага Запавету і беларускіх народных песень. Таццяна Мархель: “Я ўсё думала, як жа я буду чытаць малітву са сцэны, ці можна гэта рабіць? Сама я вернік, і мне Бог даў у такім спектаклі сыграць. Пасля я выступала з урыўкамі з гэтага спектакля на ўсіх праваслаўных фестывалях, якімі кіраваў Мікалай Бурляеў, спявала беларускія народныя песні. Мы аб’ездзілі шмат краін, і заўсёды была такая цішыня ў залі!”
*Звяртаем вашу ўвагу, што запіс чорна-белы, гук і якасць карцінкі адпаведны таму часу, калі ён быў зроблены. Галоўнае для нас – гэта памяць, якую ўдалося захаваць.
СПАСЫЛКА
“Сонечка” (запіс 2011 года)*. Спектакль па матывах твора Ф. Дастаеўскага “Злачынства і пакаранне”. У інсцэніроўке гэтага твора Алена Папова вырашыла змяніць пункт гледжання і ў цэнтр паставіць Сонечку. Яна, Сонечка, і ёсць галоўная гераіня, рухаючая сіла сюжэта, носьбіт высокай хрысціянскай ідэі пакаяння і даравання. Не забыліся і пра містычнага Свідрыгайлава з яго вечнасцю ў выглядзе старой банькі з павуціннем і тараканамі па вуглах…У спектаклі “Сонечка” было шмат вартасцей і цудоўныя акцёрскія работы.
*Звяртаем вашу ўвагу, што запіс вёўся з адной камеры і гук перыядычна бывае занадта гучным. Але галоўнае для нас – памяць, якую ўдалося захаваць.
СПАСЫЛКА
“Мабыць?” (запіс 2016 года). Першы на беларускай рэпертуарнай сцэне спектакль у жанры «вербацім», які цалкам складзены з рэальных маналогаў і дыялогаў звычайных людзей, нашых сучаснікаў. Пасля гутарак нашых акцёраў, драматурга, рэжысёра і кампазітара з выпадковымі беларусамі пра жыццё атрымаўся адзін з самых смелых і праўдзівых сталічных спектакляў.
СПАСЫЛКА
“Усе мышы любяць цырк” (запіс 2015 года). Наш падарунак маленькім аматарам тэатра! Не толькі прыгажосць, але і дабро можа выратаваць свет. А яшчэ – мастацтва, якое мае неверагодную сілу.
Спрытны Шустрык, таленавіты Малышок і чароўная Мыша жывуць у старым пакінутым цырку. Аднойчы яны знаёмяцца з загадкавай Лятучай мышшу. Пакуль мышы наладжваюць знаёмства, у іх дом залазяць нечаканыя госці – страшныя і нахабныя Пацукі. Таму добрым Мышам прыйдзецца аб’яднацца і зладзіць неймавернае прадстаўленне, каб перамагчы Пацукоў… і пасябраваць з імі.
СПАСЫЛКА
Дзякуй, што застаецеся на хвалі сапраўдных эмоцый разам з РТБД! Мы рады быць побач з вамі ў любой кропцы свету!