РТБДом: анлайн на вакацыях - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

РТБДом: анлайн на вакацыях

Сябры!
Нават на сваіх вакацыях РТБД не пакідае вас без #сапраўдныхэмоцый і любімых спектакляў! З 15 ліпеня па 31 жніўня вы зможаце паглядзець спектаклі-пераможцы гэтага тэатральнага сезона. Спектаклі, якія атрымалі знакавыя ўзнагароды на розных фестывалях: “Пачупкі” і “Камень дурасці”.
РТБДом: анлайн на вакацыях

Спектакль “ПАЧУПКІ”
(запіс 2022 года)

песня ў адной дзеі 16+

Спектакль “Пачупкі” ў гэтым сезоне атрымаў адразу тры перамогі на V Моладзевым тэатральным форуме краін СНД у Алматы – І Прэмію і Галоўны прыз форуму – залаты парасон, а таксама Ганаровы дыплом ад Асацыяцыі тэатральных крытыкаў і Дыплом за лепшы спектакль ад маладых крытыкаў.
Чорная прастора на чорным фоне… дзе амаль нічога не бачна. Месца, дзе аддадзена перавага беларускаму фальклору, пабудове гуку і працы глядацкага ўяўлення…
Жыццё чалавека вызначаюць тры ключавыя этапы – народзіны, шлюб і смерць. Спектакль “Пачупкі” з’яўляецца працягам гісторыі “Шлюба з ветрам”, другім крокам пагружэння рэжысёра Карняга, кампазітара Аверкавай і РТБД у беларускую культуру.
“Пачупкі” – спектакль-роздум на тэму нараджэння дзіцяці. Спектакль, у якім галоўным выяўленчым сродкам выступае менавіта гук.

Глядзець анлайн

 

Спектакль “КАМЕНЬ ДУРАСЦІ”
(запіс 2022 года)

Драма 16+

Сумесная пастаноўка Рэгіянальнага грамадскага фонду
падтрымкі Міжнароднага тэатральнага фестывалю імя А. П. Чэхава,
Міжнароднай канфедэрацыі тэатральных саюзаў
і Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі

Спектакль “Камень дурасці” атрымаў у гэтым сезоне дыплом “За лепшы акцёрскі ансамбль” на XXVII Міжнародным тэатральным фестывалі “Белая Вежа” і спецпрыз “За лепшае мастацкае рашэнне” на VII фестывалі “Розаўфест” у Яраслаўлі.
Папулярным сюжэтам у карцінах нідэрландскіх мастакоў Сярэднявечча з’яўлялася “выдаленне каменя дурасці”, згодна з якім хірург нібыта вылечвае пацыента ад дурасці.
У галандскай жа мове “выразаць камень” азначае падмануць, таму дзеянне на карцінах нагадвае больш шарлатанства, чым сапраўдную хірургічную аперацыю.
Сучасная гісторыя беларускага драматурга Канстанціна Сцешыка – гэта меланхалічныя сцэны з жыцця чалавека, які перанёс складаную аперацыю на галаўным мозгу. Пазбавіўшыся свайго “каменя дурасці”, галоўны герой Раман пачынае востра адчуваць бессэнсоўнасць таго, што адбываецца ў яго жыцці і навокал. Здаецца, так было заўсёды: блізкія, што падманваюць сябе, прапаведуючы чужыя ім “правілы жыцця”, пустыя сустрэчы, размовы. Толькі цяпер гэта стала больш відавочным і невыносным. Чым для Рамана з’явіцца “камень дурасці”? І ці толькі ў негатыўным кантэксце магчыма яго прачытанне?

Глядзець анлайн

Жадаем вам прыемнага прагляду і прыемнага адпачынку! Наступны сезон у РТБД пачнецца 20 жніўня. Квіткі на спектаклі ўжо даступны ў нас на сайце. Дзякуй, што застаяцеся разам з намі!

РТБД