“Шматпаважаны Тузік” – выніковы паказ ад дзіцячай майстэрні!
З кастрычніка 2025 года па май 2026 года падлеткавая група майстэрні “Гуляем у тэатр” пад кіраўніцтвам акцёра Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Канстанціна Воранава займалася развіццём прафесійных акцёрскіх навыкаў і творчага ўяўлення, разбірала матывы паводзін персанажаў і тэхналогію пастаноўкі спектакляў.
Выніковай працай групы стала стварэнне дзіцячага спектакля “Шматпаважаны Тузік”, а спецыяльным госцем праекта стаў малады акцёр тэатра Сцяпан Краўчук. Праца ўдзельнікаў майстэрні на сцэне побач з прафесійным артыстам – сапраўдны выклік і ўнікальны вопыт для кожнага дзіцяці, які марыць стаць акцёрам!
Ролі ў спектаклі “Шматпаважаны Тузік” выконваюць: Валерыя Грыцэвіч, Ульяна Мялік, Аляксандра Руткевіч, Герман Хаджынаў, Крысціна Ладзята, артыст РТБД Сцяпан Краўчук.
Водгукі бацькоў удзельнікаў майстэрні:
- Канстанцін Аркадзьевіч, вялікі дзякуй за Вашу каласальную працу! Бачыць сваіх дзяцей на сцэне – неверагоднае шчасце і гонар! Спектакль атрымаўся яскравым, дынамічным і прафесійным! Дзякуй, што раскрываеце нашых дзяцей, адкрываеце для іх тэатр.
- Ад усёй душы далучаюся да кожнага слова! Вялікі-вялікі дзякуй вам, Канстанцін Аркадзьевіч, за ваша добрае сэрца, за тое, як вы ставіцеся да дзяцей, і за ваша мудрае настаўніцтва. Спектакль – проста цуд, жывы, шчыры, смешны! І дзеці вялікія малайцы, наш гонар.
- Канстанцін, дзякуй вялікі за сапраўдны спектакль з нашымі сапраўднымі акцёрамі! Так прыемна было глядзець на ўсіх акцёраў і адзначаць, наколькі яны падраслі ў прафесійным плане! У гэтым годзе атрымалася выдатна – утульна, камерна, але вельмі дынамічна! І весела! Мы вельмі баяліся смяяцца ў голас, каб не адцягнуць увагу, не збіць акцёраў)) А яшчэ дзяцей вельмі парадавала супрацоўніцтва са Сцяпанам – калі твой партнёр, напарнік па сцэне, – сапраўдны акцёр))) гэта быў вельмі цікавы досвед. Дзякуй за вашу велізарную працу, клопат і любоў, якую вы ўкладваеце ў дзяцей!


