Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прадставіць “песню ў адной дзеі” на сцэне Казахскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра для дзяцей і юнацтва імя Габіта Мусрэпава. Арганізатарам форуму з’яўляецца Міжнародная канфедэрацыя тэатральных саюзаў пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў – удзельніц СНД.
Моладзевы тэатральны форум праходзіць адзін раз у некалькі гадоў у розных краінах – удзельніках форуму. У 2015 годзе II Моладзевы тэатральны форум праходзіў у Мінску, а суарганізатарам форуму з’яўляўся Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.
“Пачупкі” – спектакль-роздум на тэму нараджэння дзіцяці. Спектакль, у якім галоўным выяўленчым сродкам выступае менавіта гук.
“Чорная прастора «Пачупак» такая ж жывая, як Сусвет з яго галактыкамі, сузор’ямі і асобнымі планетамі: яна дыхае, рухаецца, поўніцца ценямі-зданямі, трансфармуецца і патанае ў гуках — іх рытмічнае чаргаванне здаецца часам рытмічным грукатам сэрца. Акцёрскі ансамбль з дванаццаці выканаўцаў працуе як адзіны арганізм: кожны рух адточаны, кожны гук трапны. А стыльны чорны — адметнасць, якая ў спалучэнні з фальклорам і рытмам, што задае музычнае афармленне (праца Кацярыны Аверкавай), адразу ж сінтэзуюць канцэнтраваную эмоцыю, здольную агаломшыць ды загіпнатызаваць гледача. А пад гіпнозам уключаюцца такія глыбіні падсвядомасці, а ў іх столькі адценняў…”
Ларыса Цімошык, “Звязда”
Спектакль “Пачупкі” ў Мінску можна паглядзець 29 чэрвеня ў РТБД, а таксама 9 ліпеня на сцэне Цэнтральнага Дома афіцэраў. Набыць квіткі можна тут.