Спектакль “Шлюб з ветрам” – удзельнік Волкаўскага фестывалю - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

Спектакль “Шлюб з ветрам” – удзельнік Волкаўскага фестывалю

20 верасня 2023 года Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прадставіць спектакль “Шлюб з ветрам” на XXIII Міжнародным Волкаўскім тэатральным фестывалі ў Яраслаўлю (Расія). Першая пастаноўка з тэатральнага цыклу “песень у адной дзеі” рэжысёра Яўгена Карняга, кампазітара Каці Аверкавай і мастака Таццяны Нерсісян пройдзе на сцэне Канцэртна-відовішчнага цэнтра.
Спектакль “Шлюб з ветрам” –   удзельнік Волкаўскага фестывалю

“У “Шлюбе з ветрам” праз “абрад на сцэне” прасочваюцца не толькі сюжэтныя абрысы, але і многія актуальныя як гендарныя, так і філасофскія праблемы — тая ж тэма моцных духам жанчын і слабых мужчын, якія бяруць рэванш грубай сілай ды гвалтам. Толькі замест адкрытай публіцыстыкі — тонкія мастацкія карункі, сплеценыя з ніцяў даўніны і сучаснасці, якія не абмяжоўваюцца выкарыстаннем мікрафонаў, відэакамер, светлавых эфектаў. Гульні з люстэркам вядуць да колішніх знаходак гродзенскага харэографа Дзмітрыя Куракулава, харэаграфія асобных частак цела — да некаторых пастановак Сяргея Мікеля, сэнсавае спалучэнне песень — да п’ес Паўла Пражко “Дыджэй Павел”, “Два персні”. А ўсё разам — бы вецер стагоддзяў той беларускасці, што стала часткай еўрапейскага мастацтва, захаваўшы сваю ідэнтычнасць.”

Надзея Бунцэвіч, “Культура”, № 8

Спектакль “Шлюб з ветрам” – лепшы спектакль 2019 года па версіі тэатральных крытыкаў, журналістаў і блогераў (прэмія “Тэатральная Беларусь”), лепшы спектакль XXV Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая Вежа” (2021, Брэст). У 2021 годзе пастаноўка атрымала прыз прэсы імя Леаніда Папова як спектакль вялікай формы на XXXI Міжнародным тэатральным фестывалі “Балтыйскі дом” (Санкт-Пецярбург).

РТБД