Спектакль “Вечар” – зноў у Шанхаі! - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

Спектакль “Вечар” – зноў у Шанхаі!

З 19 па 21 чэрвеня 2026 года пройдуць гастролі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы! Шанхайскі глядач зможа зноў убачыць спектакль “Вечар”, створаны па п’есе класіка беларускай драматургіі Аляксея Дударава.
Спектакль “Вечар” – зноў у Шанхаі!

На мінулых паказах тэатра ў снежні 2025 года ў Маладым тэатры (“Theatre Young”) спектакль “ВЕЧАР” здабыў вялікую любоў і прызнанне гледачоў,  а таксама шматлікія водгукі ад кітайскай аўдыторыі і арганізатараў. Сёлета Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі і Цэнтр беларускай драматургіі зноў паказвае “размовы ля калодзежа” – смешную і лірычную гісторыю самотных старых, іх кахання, сяброўства і бацькоўства, якая застаецца актуальнай і ў нашыя часы, а таксама зразумела і сугучна ў іншых культурах і кутках зямлі.

П’еса “Вечар” вядомага беларускага драматурга і празаіка, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, аўтара сцэнарыяў да фільмаў “Белыя росы” і “Суседзі” Аляксея Дударава расказвае гісторыю беларускай вёскі, адкуль народ паступова пераязджае ў буйныя гарады. Трое старых – пазнавальныя героі Васіль, Ганна і Гастрыт – жывуць у адной вёсцы і бавяць час разам: дзеці з’ехалі, а навокал нікога няма, акрамя Сонца, Неба, Зямлі ды старога радыё.

На пытанне журналістаў, ці не з аднавяскоўцаў пісаліся партрэты персанажаў п’есы “Вечар”, Аляксей  Дудараў адказваў: “Будзе няпраўдай, калі скажу так ці скажу не. Гэта не партрэты. Нешта ад бацькі Ануфрыя Іосіфавіча, нешта ад маці Настассі Яфімаўны, нешта ад матухны Агаф’і Ксенафонтаўны. Я не спісваў, а паінтанацыйна адчуваў… Цікава, што час ідзе, а п’еса не старэе.”

Гастролі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы –  гэта мастацкі мост паміж беларускай і кітайскай культурамі, магчымасць паказаць сэрца Беларусі праз тэатральнае мастацтва, а таксама сустрэць новых сяброў, што размаўляюць на розных мовах, але разумеюць адно аднаго мовай тэатра.

Спектакль “Вечар” пройдзе ў Маладым тэатры (“Theatre Young”), які з’яўляецца адным з найважнейшых культурных цэнтраў Шанхая, што займаецца сучасным мастацтвам і кожны год прымае тэатральныя калектывы з усяго свету. З 19 па 21 чэрвеня 2026 года мясцовы глядач зможа ўбачыць спектакль “Вечар” на беларускай мове з кітайскімі і англійскімі субтытрамі. У рамках гастролей таксама пройдзе майстар-клас “Асновы сцэнічнай мовы і дыхання” ад дырэктара тэатра і рэжысёра Святланы Навуменка.

Партнёр паказаў – БРУСП “Белдзяржстрах”.

РТБД