П’еса “Сталіца Эраўнд” зноў на сцэне РТБД! - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

П’еса “Сталіца Эраўнд” зноў на сцэне РТБД!

18 лютага пройдзе чытанне п’есы “Сталіца Эраўнд” – другой часткі праекта “Рэтраспектыва” Цэнтра беларускай драматургіі.
П’еса “Сталіца Эраўнд” зноў на сцэне РТБД!

П’еса беларускага драматурга Сяргея Гіргеля “Сталіца Эраўнд” – абсурдысцкі твор пра Васіля Сухарэўскага і Пятра Кунцэвіча. Цягнік, на якім яны едуць, раптоўна захрасае ў тунэлі метрапалітэна. Малапрыемная нечаканасць знаёміць герояў, і ў іх аказваецца нашмат больш агульнага, чым здаецца на першы погляд. Аднак ці з’яўляецца гэта агульнае праўдай?

П’еса “Сталіца Эраўнд” ужо была часткай рэпертуара Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі: прэм’ера спектакля ў пастаноўцы Вольгі Саратокінай прайшла ў 2007 годзе.

Новы погляд на твор сучаснага беларускага драматурга прапаноўвае Сцяпан Краўчук у сцэнічным чытанні Цэнтра беларускай драматургіі ў межах праекта “Рэтраспектыва”. Ролі ў чытанні выконваюць Алесь Ніканенка і Уладзіслаў Віленчыц.

Сяргей Гіргель – драматург, сцэнарыст, рэжысёр тэатра і кіно. Тэксты аўтара траплялі ў шорт- і лонг-лісты розных драматургічных конкурсаў і былі пастаўлены ў шэрагу тэатраў Беларусі і Расіі.

Рэтраспектыва – праект Цэнтра беларускай драматургіі, падчас якога адбудуцца чытанні п’ес 1990-х, 2000-х і 2010-х гадоў. Драматургі заўсёды прапаноўваюць актуальныя для свайго часу праблематыку, герояў і формы тэкстаў. Экспрэс-рэтраспектыва дазваляе ўбачыць як адрозненні, так і падабенства п’ес розных гадоў. На працягу некалькіх месяцаў са сцэны прагучаць тэксты Алены Паповай, Сяргея Гіргеля і Аляксандра Савухі.

Сцэнічныя чытанні п’есы “Сталіца Эраўнд” пройдуць 18 лютага, 9 сакавіка і 2 красавіка. Квіткі можна набыць тут

РТБД