У кожным з нас жыве мара, якая часам здаецца недасягальнай. Але што, калі яна можа стаць рэальнасцю ўжо сёння? У тэатры запаветныя мары спраўджваюцца, і гэта не проста словы. Для ўсіх, хто калі-небудзь жадаў апынуцца на сцэне або даведацца, што адбываецца за кулісамі, адкрылася ўнікальная магчымасць.
Творчая майстэрня “Гуляем у тэатр” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ўжо трэці сезон збірае юных аматараў тэатральнага мастацтва. Заняткі праходзяць раз у тыдзень, але за гэтыя дзве гадзіны ўдзельнікі атрымліваюць не толькі веды і ўменні, але і неверагодную энергію.
Знаёмства з тэатральным закуліссем пачалося з дня адкрытых дзвярэй яшчэ ў вераснi. Дзеці і іх бацькі змаглі акунуцца ў свет сапраўднага чараўніцтва: зазірнуць у грымёркі, прайсціся па вінтавой лесвіцы, па якой артысты тэатра выходзяць на сцэну, наведаць касцюмерную і нават пагуляць сярод дэкарацый. Гэта быў не проста візіт, а сапраўднае пагружэнне ў атмасферу тэатра.
У майстэрні працуюць дзве групы: старэйшая (падлеткі з 11 гадоў) і малодшая (дзеці з 6 да 10 гадоў). Выкладчыкамі з’яўляюцца прафесійныя акцёры тэатра з вялікім вопытам: Канстанцін Воранаў вядзе старэйшую групу, а Надзея Цвяткова – малодшую.
“Важна прывiць дзецям любоў да кніг, асабліва да беларускай літаратуры, – кажа Канстанцін Воранаў. – Мы дапамагаем развіваць фантазію, працаваць у калектыве, вучым самадысцыпліне і назіранню за жыццём вакол”.
“Наша майстэрня створана для творчага развіцця дзяцей. Мы знаёмім іх са сцэнай, сцэнічнай прамовай, атмасферай творчасці, пластыкай”, – дадае Надзея Цвяткова.
Для выкладчыкаў самым галоўным дасягненнем з’яўляецца раскрыццё патэнцыялу кожнага вучня. Канстанцін Аркадзьевіч марыць, каб дзецi сталі сапраўднымі людзьмі: не тымі, хто вечна сядзіць у тэлефонах, а дапытлівымі, з агеньчыкам у вачах, асобамі.
“Радуе, калі рабяты самі прыдумваюць ідэі, знаходзяць увасабленнi і выходзяць на сцэну са спектаклем”, — адзначае Надзея Цвяткова.
А што ж думаюць самі вучні? “Мне падабаецца прымяраць на сябе розныя вобразы, эмоцыі персанажаў. Больш за ўсё ў тэатры мяне прыцягвае прыемная атмасфера: ніхто ні на каго не цісне, а выкладчыкі натхняюць. Вакол нас творчыя, са сваім поглядам на жыццё людзі”, – падзялілася сваімі ўражаннямі Улляна Мялік.
Так што, калі ў вас ці вашага дзіцяці ёсць мара стаць акцёрам, не адкладайце яе ў доўгую скрыню. Творчая майстэрня тэатра “Гуляем у тэатр” чакае вас!
Аляксандра Чарняўская, удзельніца майстэрні “Гуляем у тэатр”