РТБДом: верасень - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

РТБДом: верасень

У новым “сезоне пазнанняў” РТБД працягвае добрую традыцыю – знаёміць вас са сваімі спектаклямі не толькі непасрэдна ў тэатры, але і ў відэафармаце.
РТБДом: верасень

Напачатку верасня ў нас атрымаўся крыху вучэбны настрой, таму прапануем вам “тэатральную школьную праграму” і магчымасць з новага боку адкрыць творы беларускіх класікаў.

Напрацягу месяца ў вас будзе магчымасць паглядзець спектаклі “Альпійская балада”, “Беларусь. Дыдактыка” і “Карней”.

 

Спектакль “Альпiйская балада” (запiс 2022 года)

16+

Пачуўся роў сірэны… аўтаматная чарга, сабакі…

Няўжо атрымалася? Няўжо сапраўды Іван і Джулія змаглі вырвацца з фашысцкага пекла сярод Альпаў? Але што далей? Холад, крыху хлеба на дваіх. Смерць? Не! Варта бегчы, толькі бегчы, каб выжыць, галоўнае – выжыць, каб быць шчаслівымі.

Спектакль “Альпійская балада” паводле аднайменнай аповесці класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава – гэта далікатна-кранальная гісторыя кахання, захавання міласэрнасці і чалавечага гонару ў жудасных і бесчалавечных абставінах. А таксама гэта разважанні аб тым, чаму людзі цкуюць, знішчаюць і гвалтуюць адзін аднаго. У спектаклі, створаным па ваеннай аповесці, арганічна спалучаюцца пластыка, відэакантэнт і абсалютна натуральны спосаб існавання акцёраў на сцэне.

Глядзець анлайн

Спектакль “Беларусь. Дыдактыка” (запiс 2017 года)

12+

Вучонае, дастаткова неэмацыйнае слова “дыдактыка” тут выступае ключом да таго, як адчуць прыгажосць роднай мовы і закахацца ў яе. Душа гэтага спектакля – народная артыстка Беларусі Таццяна Рыгораўна Мархель. У спектаклі праз творы класічнай беларускай літаратуры, праз фальклор, песні, якія яе маці калісьці напявала ёй, Таццяна Рыгораўна ў суправаджэнні выдатнага музыкі Дзмітрыя Лук’янчыка дзеліцца сваім вопытам, разважаннямі аб сваім месцы ў свеце, аб адносінах з людзьмі, рэчаіснасцю, прыродай, сваім народам.

Глядзець анлайн

Спектакль “Карней” (запiс 2023 года)

16+

Беларуская зямля і яе народ на працягу ўсяго існавання падвяргаліся складаным выпрабаванням. Вялікая Айчынная вайна – адна з найтрагічных старонак нашай гісторыі. Тое, што нельга забыць, бо ў жыцці ўсё ўзаемазвязана: паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй, паміж усім жывым на зямлі існуе непарыўная нябачная сувязь.

“Карней” – гэта спектакль, у якім галоўным прадметам даследавання становіцца Дом. Дом як сімвал, як пачуццё, як сувязь з роднай зямлёй, як злучальнае звяно пакаленняў, досведаў, часоў і выпрабаванняў.

Галоўны герой Карней – мясцовы пацукалоў, неадназначны, дзівакаваты чалавек, якога любяць усе дзеці і, як потым выяўляецца, усе мышы. Ён марыць аб Доме, шукае яго – сваё месца. Аднак, калі знаходзіць, здараецца страшнае… Вайна, перад тварам якой чалавек, як і ўсё жывое, – вельмі хісткая, крохкая істота, дробязь, пясчынка. Як, сутыкнуўшыся з такой дадзенасцю, такой рэчаіснасцю, засцерагчы, адстаяць, абараніць сімвал сувязі з роднай зямлёй, родам – свой Дом?..

У аснове спектакля – апавяданне Уладзіміра Караткевіча “Карней – мышыная смерць”, а таксама ўрыўкі з празаічных твораў пісьменніка, яго вершаў і эсэ.

Глядзець анлайн

Дзякуй, што застаяцеся на хвалі #сапраўдныхэмоцый разам з РТБД. Гэта сапраўды вялікая каштоўнасць для кожнага з нас!

РТБД