Вы знаходзіцеся ў прасторы свету матэматыка, які аднойчы ўзяў у рукі пэндзлі і фарбы. Вы знаходзіцеся ў прасторы мары, якая доўга чакала свайго здзяйснення. Вы знаходзіцеся ў прасторы прыгажосці і гармоніі.
Валянціна Ранцэвіч – кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт, чалавек, які практычна ўсё жыццё прысвяціў матэматыцы. Спіс навуковых і вучэбна-метадычных публікацый змяшчае 65 работ. Сярод іх навуковыя артыкулы, тэзісы, кніга “1800 задач” і 3 кнігі па вышэйшай матэматыцы ў сааўтарстве.
І хоць лёс звязаў яе з матэматыкай, у глыбіні душы Валянціна (і маленькая дзяўчынка Валя) заўсёды марыла аб жывапісе. Яе запал да малявання заставаўся ў цені, пакуль аднойчы, напярэдадні новага 2000 года, сын не падарыў ёй набор фарбаў і пэндзляў.
Валянціна захаплялася фларыстыкай і першапачаткова планавала выкарыстоўваць фарбы для стварэння жывапіснага фону для сваіх кветкавых кампазіцый. Аднак неўзабаве кветкі сталі галоўнымі героямі яе карцін. Работы Валянціны – сапраўдныя оды прыродзе, дзе кожная дэталь працята ўнікальным поглядам мастачкі і матэматыка на свет, які дазваляе бачыць гармонію ў кожным пялёстку і сцябле, у кожным пейзажы і ў кожным мімалётным уражанні.
Выстава “Цеплыня ўнутры” як формула: матэматыка + мастацтва + любоў да сваёй справы, памножаныя на веру ў сябе і натхненне. Гэтай формулай умела карыстаецца Валянціна Ранцэвіч і дзеліцца ёю.
Унутры формулы – своеасаблівы партал у “месца сілы” ў розных яго станах. Змяняюцца поры года на карцінах, змяняюцца фарбы, настрой, але адчуванне цяпла і гармоніі ад кожнай працы застаецца нязменным. Калі спыніцца насупраць карціны, якая вам спадабалася, пагрузіцца ў яе, то можна адчуць і павеў летняга ветрыка, і пах кветак, і марознае зімовае паветра. Пачуць спевы птушак, плёскат вады ў возеры, дзіцячы смех і шум дрэў у лесе. Адчуць шурпатыя каласкі пшаніцы на сваіх далонях або аксамітнасць свежай летняй травы. Вашыя падсвядомасць і фантазія дамалююць карціны ўласнымі выявамі і ўспамінамі. Варта толькі дазволіць гэтаму адбыцца.
Уваход на выставу вольны.
Час працы: чацвер-субота з 14:00 да 18:00
Па квітках на спектаклі тэатра – згодна квітку на спектакль.