У сакавіку 2022 года ў РТБД адбылася прэм’ера спектакля “Камень дурасці” па аднайменнай п’есе Канстанціна Сцешыка. Непаўторны стыль і рытм, няспешныя дыялогі, прыгожы і глыбокі ўнутраны свет герояў – аўтарскі почырк драматурга прыцягвае і паглынае.
20 студзеня гледача чакае сцэнічнае чытанне п’есы “Сябра мой”, а 24 лютага – чытанне тэксту “Галава”!
СЯБРА МОЙ
нуарная гісторыя (16+)
Два сябры выходзяць ноччу з дому ў пошуках цыгарэт. Гэтым сябрам – за пяцьдзесят. Па дарозе яны сустракаюць дзіўных людзей, якія таксама чамусьці не спяць. Чым скончыцца гэты праменад і пра што на самой справе думаюць героі?
П’еса “Сябра мой” увайшла ў пазаконкурсную праграму фестывалю маладой драматургіі “Любімаўка-2021”.
Ролі выконваюць:
Канстанцін ВОРАНАЎ, заслужаная артыстка РБ Галіна ЧАРНАБАЕВА, Вераніка БУСЛАЕВА, Максім БРАГІНЕЦ, Уладзіслаў ВІЛЕНЧЫЦ.
Працягласць: 1 г. 30 хв.
Чытанне адбудзецца на рускай мове.
ГАЛАВА
хорар-гісторыя пра нечаканую знаходку пад лаўкай (18+).
Палкін прыносіць да падпіўшага сябра спартыўную сумку, у якой нешта такое… Штосьці, пра што нельга распавесці па тэлефоне. Самая сапраўдная галава, падобная на нейкую ўльтрамодную цацку, якая мігае, глядзіць і нават плача… Але ці гэта цацка з «крамы для жартаўнікоў»?
Рэжысёр: Алена Зміцер
Пераклад: Вольга Кавалеўская
Працягласць: 1 г. 30 хв.
Чытанне адбудзецца на беларускай мове.
Чытанне п’есы – тэатралізаваная прэзентацыя п’есы, «правобраз» спектакля, прапанаваны рэжысёрам. Акцёры чытаюць тэкст з ліста.
Канстанцін Сцешык – беларускі драматург, сцэнарыст і паэт. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “тэатральная драматургія”.
У 2005 годзе дэбютаваў у якасці драматурга з п’есай “Мужчына – Жанчына – Пісталет”, якая стала лаўрэатам Міжнароднай прэміі “Еўразія” і была надрукавана ў часопісе “Сучасная драматургія”. Аўтар п’ес “Запалкі”, “Ляцелі арэлі”, “Сябра мой”, “Псібо”, “Родныя і блізкія” і іншых.
Драматург неаднаразова станавіўся фіналістам і лаўрэатам найбуйнейшых конкурсаў і фестываляў драматургіі, сярод якіх «Любімаўка», «Рэмарка, «Еўразія», «WriteBox» і г.д. Яго п’есы былі апублікаваны ў зборніках, пастаўлены ў Беларусі і за мяжой.