Запрашаем ў XXXIV сезон – “Cезон сэнсаў”! - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

Запрашаем ў XXXIV сезон – “Cезон сэнсаў”!

20 жніўня прэм’ерным спектаклем мінулага тэатральнага сезона “Памінальная малітва” Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі запрашае ў XXXIV тэатральны сезон – “сезон сэнсаў”.
Запрашаем ў XXXIV сезон – “Cезон сэнсаў”!

“Сезон сэнсаў” – гэта магчымасць разгледзець кожны спектакль, кожны праект як правадніка ў свет глыбокіх разважанняў, эмоцый і адкрыццяў. Тэатр прапануе гледачам не проста бачыць і чуць гісторыі, якія будуць расказаны са сцэны, а шукаць свае сэнсы, асэнсоўваць перажыванні і знаходзіць адказы на важныя пытанні.

Новы сезон – гэта пашырэнне творчых гарызонтаў, супрацоўніцтва з выбітнымі майстрамі сцэны і тэатральнага мастацтва з Расіі і Грузіі, пошук новых мастацкіх сродкаў і, канешне, яскравыя прэм’еры. Першай прэм’ерай сезона стане пастаноўка Святланы Навуменка “Ладдзя Роспачы” па аднайменнай навэле класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Сцэна РТБД ператворыцца ў прастору сэнсаў, дзе рэжысёр разам з акцёрамі тэатра раскажуць моцную гісторую пра лёс чалавека, унутраную барацьбу і сілу духу. Прэм’ера запланавана на снежань 2025г.

Акрамя таго ў XXXIV тэатральным сезоне на сцэну вернецца спектакль “Вар’ятка – пранізлівая гісторыя, якая дапамагае задумацца аб межах асабістай рэальнасці, чалавечай апантанасці і далікатнасці ўнутранага свету. А таксама гледачоў РТБД чакаюць спецыяльныя праекты, цікавыя формы ўзаемадзеяння, тэатралізаваныя чытанні п’ес ад Цэнтра беларускай драматургіі.

“Сезонам сэнсаў” Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі запрашае да дыялогу з сабой і мастацтвам, падкрэсліваючы, што менавіта тэатр – тое месца, дзе нараджаюцца думкі, усведамляюцца адчуванні і адкрываюцца новыя сэнсы.  

РТБД