Запрашаем ў юбілейны XXXV сезон
20 жніўня Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прэм’ерным спектаклем мінулага сезона – “Ладдзя роспачы” запрашае ў свой юбілейны, XXXV тэатральны сезон. Гэты год абяцае быць асаблівым – часам пераўтварэнняў, адкрыццяў новых імёнаў, магутнай дынамікі і яркіх творчых здзяйсненняў.

Старт сезона – з галоўных хітоў і Тыдня сучаснай беларускай драматургіі “Канцэнтрацыя”
Дзверы ў свой юбілей РТБД адчыніць флагманскімі спектаклямі – прэм’ерамі мінулага сезона. Гледачы змогуць убачыць лепшыя пастаноўкі, якія ўжо заваявалі любоў публікі.
Услед за гэтым Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі разам з Цэнтрам беларускай драматургіі ладзіць Тыдзень сучаснай беларускай драматургіі “Канцэнтрацыя”. На працягу Тыдня гледачоў чакае канцэнтрат сапраўдных эмоцый, сэнсаў і адкрыццяў: спектаклі па творах беларускіх драматургаў, новыя сцэнічныя чытанні і лекцыя – усё, аб чым прагне кожны прафесіянал і аматар тэатра.
А ў снежні 2026 года першай прэм’ерай юбілейнага XXXV сезона стане спектакль “Маленькие трагедии” Аляксандра Пушкіна ў пастаноўцы Святланы Навуменка.
Святлана Навуменка аб прэм’еры: “Маленькие трагедии” – гэта жамчужына драматургіі. Таму зварот да гэтага твора для нас не толькі пэўны досвед але і сур’ёзны выклік. І мы жадаем узяць гэту вышыню…”
У творчых планах тэатра – творы Івана Шамякіна ў пастаноўцы ўжо вядомага мінскай публіцы рэжысёра, Заслужанага дзеяча мастацтваў Расійскай Федэрацыі Юрыя Пахомава, а таксама іншыя беларускія аўтары. РТБД актыўна пашырае кола рэжысёраў, вядзе перамовы і пошукі новых творчых імёнаў.
Фестывальны рух: Брэст, Кітай, новыя гарызонты
Гастрольная дзейнасць – адзін з галоўных накірункаў юбілейнага сезона. Таму толькі восенню РТБД прыме ўдзел у двух фестывалях са спектаклем “Ладдзя роспачы” – юбілейным XXX Міжнародным тэатральны фестывалі “Белая вежа”, які пройдзе ў Брэсце з 10 па 19 верасня, а таксама X Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча, які пройдзе ў Бабруйску з 19 па 24 лістапада.
Важнай падзеяй сезона стане вяртанне ў Кітайскую Народную Рэспубліку. Пасля трыумфальных гастроляў у Шанхаі, дзе спектаклі “МАЙ ХОМЛЭНД” і “Вечар” сабралі поўныя залы і выклікалі шчыры водгук публікі, РТБД атрымаў асаблівае запрашэнне – выступіць са спектаклем “Вечар” у Пекіне на галоўнай тэатральнай сцэне краіны – Пекінскім народным мастацкім тэатры. Так у кастрычніку 2026 года праект ЦБД і РТБД “Вечар” прыме ўдзел у Міжнародным фестывалі Пекінскага народнага мастацкага тэатра.
Спецыяльныя праекты
У юбілейным XXXV сезоне сваю дзейнасць працягне творчая майстэрня “Гуляем у тэатр” (майстар – Канстанцін Воранаў), таксама гледачоў чакаюць спецыяльныя праекты ў інтэрнэт-прасторы, цікавыя формы міжнароднага ўзаемадзеяння, тэатралізаваныя чытанні п’ес ад Цэнтра беларускай драматургіі, гастролі па Беларусі і за мяжой.
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі запрашае сваіх гледачоў правесці юбілейны XXXV тэатральны сезон разам.
Будзе шчыра, будзе глыбока, будзе па-сапраўднаму.


