Паспяхова завяршыліся гастролі РТБД у Шанхаі - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

Паспяхова завяршыліся гастролі РТБД у Шанхаі

З 25 лістапада па 7 снежня 2025 года Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ўпершыню прадставіў свае спектаклі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы ў рамках Восеньскага фестывалю і Кітайскага Шанхайскага міжнароднага фестывалю мастацтваў.
Паспяхова завяршыліся гастролі РТБД у Шанхаі

Праграму гастроляў склалі нядаўнія прэм’еры Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і Цэнтра беларускай драматургіі – аўтарскі праект “МАЙ ХОМЛЭНД” аб сваім месцы ў свеце і знакаміты “Вечар” паводле аднайменнай п’есы Аляксея Дударава.

“Для нас гэтыя гастролі сталі не проста паказам спектакляў, а сапраўдным дыялогам культур і сэрцаў, – адзначае дырэктар РТБД Святлана Навуменка. – Мы ўбачылі, як нашы гісторыі, народжаныя ў Беларусі, знаходзяць жывы водгук у кітайскіх гледачоў. Гэта пацвярджае, што шчырае мастацтва не ведае межаў. На мой погляд, варта імкнуцца як мага часцей выязджаць у іншыя краіны, адкрываць іншыя культуры: у гэтым дыялогу традыцый нараджаецца ўзаемнае ўзбагачэнне.”

Таксама важнай часткай культурнага абмену стала адукацыйная праграма гастроляў. Для прафесійнай супольнасці і публікі былі арганізаваны:

  • акцёрска-рэжысёрскі майстар-клас “Псіхалагічны тэатр і біямеханіка: Станіслаўскі і Меерхольд” ад дырэктара тэатра і рэжысёра Святланы Навуменка;
  • творчая сустрэча “Праца акцёра над роляй” з артысткамі тэатра Надзеяй Цвятковай і Ганнай Лебедзевай;
  • лекцыя “Беларускі тэатр: гісторыя і сучаснасць” ад кіраўніка Цэнтра беларускай драматургіі Анастасіі Васілевіч.

Паказы абодвух спектакляў паспяхова прайшлі ў тэатры “YOUNG”, пацвердзіўшы ўніверсальную мову тэатральнага мастацтва, якую могуць зразумець гледачы розных культур. Кітайская аўдыторыя высока ацаніла глыбокую эмацыйнасць, філасофскую напоўненасць і мастацкую якасць беларускіх пастановак.

У рамках гастроляў таксама адбыліся прафесійныя сустрэчы з кітайскімі тэатральнымі дзеячамі, абмеркаванне перспектыў далейшага супрацоўніцтва і абмену праектамі паміж тэатральнымі калектывамі дзвюх краін.

За час гастроляў:

  • адбылося 7 паказаў: спектакль “МАЙ ХОМЛЭНД” – 4 паказы, спектакль “Вечар” – 3 паказы;
  • праведзены 3 адукацыйныя мерапрыемствы для прафесійнай супольнасці;
  • устаноўлены кантакты для будучых сумесных праектаў.
Старт паказаў спектакля “Май хомлэнд” у Шанхаі!


Водгукі гледачоў Шанхая:

“Спектакль “МАЙ ХОМЛЭНД” не намагаецца распавесці нейкія грандыёзныя гісторыі, ён проста ўзмацняе невытлумачальную эмоцыю, дазваляючы ёй прапітаць прастору. А як жа мы разумеем тугу па дому? Гэтая прыхільнасць, якую мы ўсведамляем толькі пасля ад’езду. Гэтае пачуццё неапісальнае, але яно прадстаўлена нам на сцэне праз фрагмент жыцця аднаго чалавека. Я адчуваў гэту любоў, гэтае моцнае пачуццё, я ўбачыў сапраўдную праекцыю краіны, якую ведаў толькі па падручніках геаграфіі ”.

“Спектакль “МАЙ ХОМЛЭНД”  не ўзнімаў тугу па радзіме наўмысна. Ён проста перадаваў шчырае пачуццё: чалавек любіць усё знаёмае на сваёй радзіме, нават калі гэта штосьці адсталае і штодзённае. Сёння гэтае пачуццё можа здацца крыху “неспасціжным”, але калі самалёт увайшоў у паветраную прастору яго радзімы і Гена заплакаў, я адчуў яго глыбока. Гэта была не сентыментальнасць, а супакаенне вандроўніка, які нарэшце вярнуўся дадому.”

“Вечар” –  аб прыгажосці захаду жыцця, аб пытаннях, якія ставіць прырода чалавека, і аб філасофіі быцця і смерці. Вы палюбіце гэтых двух мілых старых і Ганну з голасам анёла. Беларускія народныя песні гучаць проста неверагодна.”

“У спектаклі “Вечар”, акрамя бліскучай ігры дасведчаных акцёраў, хор з двух маладых дзяўчын стварыў для ўсёй пастаноўкі змрочную і меланхалічную музыку. Гэтая музыка проста цудоўная, нібы крык безыменнай вялікай птушкі, якая праляцела над бясплоднай пустыняй. Гэта стварае неверагодную атмасферу на простай сцэне”.

Фота: Theatre Young

РТБД