РТБД У ПЕКІНЕ: “ВЕЧАР” НА ГАЛОЎНАЙ СЦЭНЕ КІТАЯ
Праект: Міжнародны тэатральны фестываль Пекінскага народнага мастацкага тэатра
Спектакль: “Вечар” (праект Цэнтра беларускай драматургіі паводле п’есы Аляксея Дударава)
Даты: 22-25 кастрычніка 2026 года
Месца: Пекінскі народны мастацкі тэатр (Кітайская Народная Рэспубліка)
Аб праекце
У кастрычніку 2026 года Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прадставіць спектакль “Вечар” на сцэне аднаго з самых прэстыжных тэатраў Кітая. Пекінскі народны мастацкі тэатр, заснаваны ў 1952 годзе, больш за 60 гадоў стварае “Драматычную школу Пекінскага народнага мастацкага тэатра” і запрашае замежныя калектывы для абмену досведам.
Гэта ўжо трэцяя сустрэча РТБД з кітайскім гледачом. Восенню 2025 года тэатр дэбютаваў у Шанхаі на Кітайскім Шанхайскім міжнародным фестывалі мастацтваў са спектаклямі “Вечар” і “МАЙ ХОМЛЭНД”. Вясной 2026 года “Вечар” зноў вярнуўся ў Шанхай, на сцэну Маладога тэатра (“Theatre Young”), дзе яго пабачылі каля 3000 гледачоў . Цяпер геаграфія пашыраецца – сталіца Кітая.
Паказы “Вечара” пройдуць на сцэне Пекінскага народнага мастацкага тэатра:
22, 23, 24 кастрычніка – 19:30
25 кастрычніка – 14:30
“Вечар” – лірычная і кранальная гісторыя пра трох самотных старых, якія засталіся ў вёсцы: дзеці з’ехалі, вакол толькі неба, зямля і старое радыё. Гэта размова пра адзіноту, каханне, сяброўства і бацькоўства – тэмы, якія з’яўляюцца зразумелымі і блізкімі гледачам розных культур.
Больш за проста паказ
У рамках фестывалю 18-19 кастрычніка ў Пекіне пройдзе 2-гі Сусветны тэатральны форум (“Новыя гарызонты тэатра” – Міжнародны тэатральны семінар). На ім збяруцца выбітныя дзеячы тэатра, кіраўнікі калектываў і лідэры індустрыі з усяго свету. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі таксама запрошаны прадставіць Беларусь на гэтым форуме.
Партнёры
Генеральны партнёр удзелу тэатра ў Міжнародным тэатральным фестывалі Пекінскага народнага мастацкага тэатра – РУП “Белдзяржстрах”, афіцыйны партнёр – ААТ “ААБ Беларусбанк”.
Сачыце за навінамі на сайце і ў сацыяльных сетках тэатра – хутка больш падрабязнасцей пра пекінскія паказы і іншыя міжнародныя праекты.




