ТВОРЧАЯ ЛАБАРАТОРЫЯ “ТЭАТРАТЭРАПІЯ”
18+
Падчас спектакляў РТБД гледачы адчуваюць самыя разнастайныя эмоцыі і, канешне, кожны раз сапраўдныя. Мы не можам іх прадбачыць, так як эмацыйныя рэакцыі залежаць ад мноства асабістых фактараў асобна ўзятага чалавека (“бэкграўнд”, настрой, жыццёвыя сітуацыі і г.д.), аднак мы можам гаварыць аб іх. Чаму не?
Таму зараз творчая лабараторыя “ТэатраТэрапія” – гэта два дні, поўныя ўнутраных лабараторый, практык, трансфармацый, накіраваных на:
- даследаванне свайго эмацыйнага вопыту, атрыманага падчас прагляду спектакляў РТБД;
- асэнсаванне сябе, сваіх жыццёвых сцэнараў і стасункаў;
- пабудову новых падтрымліваючых перакананняў, сувязяў і кантактаў.
“ТэатраТэрапія” – гэта тэрыторыя для даследавання свайго эмацыйнага досведу, атрыманага падчас прагляду спектакляў РТБД. Тут мы не гаворым пра тое, “што хацеў сказаць аўтар”, тут спектакль становіцца падставай для таго, каб зазірнуць у сябе. Фокус увагі ссоўваецца са знешняга на ўнутранае.
З 2023 года сустрэчы “ТэатраТэрапіі” маюць двухдзённы фармат.

Куратар праекта Жанна Гурына аб новым фармаце: “Першая сустрэча “ТэатраТэрапіі” адбылася пасля спектакля “Гэта ўсё яна” 30 кастрычніка 2022 года. Нас тады было 22 чалавекі разам з артысткай РТБД Людмілай Сідаркевіч. (Я вырашыла не кідаць адразу гледача ў невядомы для яго новы фармат камунікацыі, а пакрысе знаёміць, уводзіць у курс. І прысутнасць артысткі служыла своеасаблівай апорай у незнаёмай прасторы.) Потым нас было 16, затым я скараціла групу да 12 чалавек і пачала заўважаць дынаміку. Калі асноўная частка групы (так, у нас ёсць тыя, хто прыходзіць упершыню, але 9-10 чалавек – гэта людзі, якія ведаюць, куды і за чым яны ідуць, ходзяць на пастаяннай аснове) “дарасла”, каб ісці ўглыб, мы пайшлі. Адсюль нарадзіўся новы двухдзённы фармат.”
Аўтар і куратар праекта – Жанна Гурына.
- Прэс-сакратр РТБД, куратар праектаў РТБД “Блог Жанны Гурынай”, “Дыялогі ў закуліссі” і “ТэатраТэрапія”.
- Сертыфікаваны Трансфармацыйны коуч ICTA, валодае аднымі з самых эфектыўных і глыбокіх практычных інструментаў з розных накірункаў: НЛП, гештальт-тэрапіі, генератыўнага гіпнозу і коучынгу, трансперсанальнай і экзістэнцыяльнай псіхатэрапіі.
- Практык Эннеаграммы.
Праграма двухдзённай “ТэатраТэрапіі”
Дзень першы:
“Поле групы” (знаёмства, першасны шэрынг, энергія поля).
“Скрыня ведаў” (першая тэарытычная частка па зададзенай тэматыцы).
“#Сапраўдныяэмоцыі” (сумесны прагляд спектакля РТБД).
Дзень другі:
“Поле групы” (шэрынг пасля прагляду спектакля РТБД).
“Скрыня ведаў” (другая тэарытычная частка па зададзенай тэматыцы).
“Практыка” (тэматычная праца ў групе).