Кухонны баявік і сацыяльны гратэск: Гастролі Гомельскага гарадского маладзёжнага тэатра на сцэне РТБД

З 14 па 16 чэрвеня на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі адбудуцца гастролі Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра.
Мінскія гледачы змогуць убачыць п’есы дзвюх яркіх аўтараў сучаснай сусветнай драматургіі – “Каралева прыгажосці” Марціна МакДонаха і “Вырадак” Марыюса фон Маенбурга, а для маленькіх аматараў тэатра Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр падрыхтаваў “Казку пра вясёлага эльфа і злую чараўніцу” (паводле англійскіх казак).
14 і 15 чэрвеня а 19-тай гадзіне адбудуцца паказы спектакляў рэжысёра Віталя Краўчанкі.
14 чэрвеня – “Каралева прыгажосці” Марціна МакДонаха. Гэта гісторыя адносін маці і дачкі – аб каханні, аб мудрасці, аб ахвярнасці як выбары, аб тым, наколькі апраўданы нашы ахвяры і ці ахвяры гэта наогул, аб тым, што бывае з чалавекам, калі ён здраджвае сваёй мары… Тэмперамент у абедзвюх гераінь зашкальвае за ўсе мажлівыя межы, таму разборкі выглядаюць то фарсам, то сапраўдным “кухонным баевіком”. У ход ідуць любыя сродкі, ад банальных скандалаў да дэманстрацыі папер з псіхлячэбніцы і абліванні кіпячым алеем. А за ўсім гэтым стаіць глыбока духоўная гісторыя, расказаная з любоўю да людзей і пра любоў.
15 чэрвеня – спектакль “Вырадак” па п’есе Марыюса фон Маенбурга ў жанры сацыяльнага гратэску. Уявіце сабе таленавітага інжынера-вынаходніка, які раптоўна зрабіў жудаснае адкрыццё: яго знешнасць вельмі няўдалая, і гэта стварае непераадольныя перашкоды для прасоўвання вынаходстваў. І тады пры дапамозе пластычнага хірурга інжынер Лэтэ набывае сабе ідэальныя рысы твару, а з імі –прызнанне, славу, матэрыяльныя выгады, шалёны поспех у жанчын. Здавалася б – вось яно, шчасце! Аднак не ўсё так проста…
15 і 16 чэрвеня а 11-тай гадзіне Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр прадставіць спектакль для дзяцей і дарослых “Казка пра вясёлага эльфа і злую чараўніцу” ў пастаноўцы Яны Янчык. Займальная, яркая, музычная гісторыя пра тое, як добры, вясёлы, шчыры і вельмі даверлівы эльф трапляецца на хітрасці злой чараўніцы Клуці, якая любіць паласавацца маленькімі эльфамі. Але сумленнае і адданае сяброўства апынецца мацней каварства, і дабро абавязкова пераможа!
Спектаклі ідуць на рускай мове.
У сваю чаргу РТБД на сцэне Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра прадставіць спектаклі: 14 чэрвеня ў 18:30 – “Калека з вострава Інішман”, 15 чэрвеня ў 19:00 – “Гэта ўсё яна”, а таксама 15 і 16 чэрвеня ў 11:00 – “Таямніца чароўнага календара”.