Гастролі Пермскага тэатра “У МОСТА” на сцэне РТБД - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

Гастролі Пермскага тэатра “У МОСТА” на сцэне РТБД

2 і 3 снежня на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі – гастролі самага містычнага аўтарскага тэатра Расіі – Пермскага тэатра “У Моста”.
“Альпійская балада” – удзельнік Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча

Тэатр “У Моста”, створаны Сяргеем Фядотавым, літаральна падарваў тэатральную сітуацыю Пермі, а затым і Расіі яркімі, нестандартнымі спектаклямі. Першапачаткова сваё імя тэатр атрымаў дзякуючы суседству з Камскім мостам, але паступова словазлучэнне тэатр “У Моста” стала знакам, які выказвае яго мастацкую канцэпцыю.

Пастаноўкі Фядотава з’яўляюцца, па сутнасці, мостам паміж рэальным і тагасветным, бытавым і містычным, свядомым і інтуітыўным. Выключнасць мастацкага метаду Сяргея Фядотава ў тым, што ён накіраваны на развіццё традыцый рускага псіхалагічнага тэатра, узбагачанага адкрыццямі школ Міхаіла Чэхава і Ежы Гратоўскага, гэта значыць сістэмамі, накіраванымі на развіццё псіхафізікі акцёра, яго здольнасці працаваць з унутранай энергіяй і сваёй падсвядомасцю. Невыпадкова, тэатр для выражэння ўласнай эстэтыкі прыдумаў слоган: “У Моста” – містычны тэатр, у якім усё рэальна, і тэатр рэальны, дзе ўсё містыка”.

У 2014 годзе Пермскі тэатр “У Моста” ініцыяваў і арганізаваў адзіны ў свеце Міжнародны фестываль Марціна МакДонаха. У трох фестывалях Марціна МакДонаха (2014, 2016 і 2018 гг.) прынялі ўдзел тэатры з Паўночнай Ірландыі, Шатландыі, Ірана, Польшчы, Сербіі, Чэхіі, Чарнагорыі, Германіі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Босніі і Герцагавіны, Грузіі, Малдовы, Казахстана, Азербайджана і Расіі. Восенню 2022 годзе на V Міжнародным фестывалі Марціна МакДонаха РТБД атрымаў гран-пры за спектакль “Калека з вострава Інішман”.

Для мінскага гледача, які бачыў пастаноўку РТБД, ёсць магчымасць зверыць тэатраадчуванні на спектаклі Сяргея Фядотава “Калека с Инишмана”. Наколькі розным можа быць рэжысёрскае прачытанне адной і той жа п’есы “тэатральнага Таранціна”, што новае адкрыецца падчас прагляду, якія #сапраўдныяэмоцыі выклікае спектакль Пермскага тэатра – адказы на гэтыя пытанні можна атрымаць 2 снежня ў глядзельнай зале Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Што застанецца нязменным? Безумоўна, ірландскі каларыт, гумар Марціна МакДонаха і дзіўныя, кранальныя персанажы.

3 снежня прадоўжыць пагружэнне ў свет містыкі можна пастаноўкай “ЖЕНИТЬБА. Фантасмагория”. У адзін дзень адбудзецца адразу два паказы – у 15:00 і 19:00.

Гогалеўскі містыцызм, гогалеўская тэма адзіноты і безабароннасці чалавека перад светам, перад жыццём, перад вечнымі яе майстэрствамі і супярэчнасцямі. Прывідныя цені на сцэне: то са скрыпам адчыняюцца дзверы шафы, куды бясшумна правальваецца Сцяпан, то ў акне з’яўляецца мярцвяна-сіні твар, можа, нават самога д’ябла… Усё гэта – пра спектакль “ЖЕНИТЬБА. Фантасмагория”. Замест бытавой камедыі Сяргей Фядотаў увасобіў на сцэне фантасмагорыю з цудамі, неверагоднай логікай і нечаканымі ўчынкамі.

Спектаклі ідуць на рускай мове.

Акрэдытацыя для прэсы абавязковая.

РТБД