Ігар Сідорчык святкуе 70-годдзе! - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

Ігар Сідорчык святкуе 70-годдзе!

17 студзеня адзначае свой юбілей акцёр Ігар Сідорчык – прызнаны майстар сцэны: праніклівы і кранальны Васіль у “Вечары”, мудры Дзед Карабан у “Хатыні” і камічны Марганчык у “Заручынах”.
Ігар Сідорчык святкуе 70-годдзе!

Шлях Ігара Яўгенавіча Сідорчыка на сцэну пачаўся ў 1973 годзе, калі ён паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, дзе яго педагогамі былі такія зоркі беларускага тэатра, як Вера Рэдліх, Аўгуст Мілаванаў, Андрэй Карсакоўскі і Ілля Курган. Пасля заканчэння навучання акцёр навострываў сваё майстэрства на сцэне Магілёўскага драматычнага тэатра, а затым на працягу амаль 40 гадоў (1979–2016) служыў у Рэспубліканскім тэатры юнага гледача.

Да каманды РТБД Ігар Сідорчык далучыўся ў 2021 годзе і імгненна стаў важнай часткай трупы тэатра. Сёння глядач можа адкрыць для сябе разнастайны талент Ігара Сідорчыка ў яго ролях: стрыманага Рэнэ ў спектаклі “Вецер шуміць у таполях”, філасофска настроенага Васіля ў “Вечары”, камічных Заблоцкага і Марганчыка ў “Заручынах”, суровага Палкоўніка ў “Ладдзі роспачы”, па-гогалеўску характарнага Глова Міхала Аляксандравіча ў “Махлярах”, шчырага і мудрага Дзеда Карабана ў “Хатыні” і трагічнага Лэйзера ў “Памінальнай малітве”.

Асаблівай, знакавай роляй для акцёра стала менавіта роля Васіля ў пастаноўцы Вечар паводле п’есы Аляксея Дударава. Кранальная гісторыя самотных старых, іх кахання, сяброўства і бацькоўства займае асаблівае месца ў рэпертуары тэатра. Шчымлівая інтанацыя, тонкае адчуванне характару героя, мудрасць і ўнутранае святло персанажа ў выкананні Ігара Сідорчыка адгукаецца чалавечай цеплынёй і глыбінёй.

У гэтым месяцы ёсць магчымасць пабачыць Ігара Сідорчыка ў гэтай ролі 28 студзеня.

Вечар

Шчыра віншуем Ігара Яўгенавіча з 70-годдзем!

Жадаем новых глыбокіх і цікавых роляў, творчага натхнення, чуллівых і шчырых сустрэч з гледачамі!

РТБД