Прэм’ера спектакля-гімна чалавечнасці ў РТБД!

12 і 13 чэрвеня 2026 года на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі адбудзецца прэм’ера спектакля “Я, бабуля, Іліко і Іларыён” паводле аднайменнага рамана класіка грузінскай літаратуры Надара Думбадзэ ў рэжысёрскім прачытанні заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Юрыя Пахомава.
“Я, бабуля, Іліко і Іларыён” – гэта не проста спектакль, гэта гімн чалавечнасці, “мара аб страчаным”. Гэта настальгія па тым, што сёння так часта знікае – па чалавеку ў самім чалавеку.
На сцэне народзіцца гісторыя пра сапраўднае каханне – цёплае, шчырае, без разлікаў і прытворства. Пра бескарыслівае сяброўства, якое не баіцца часу. Пра дабрыню, якая ніколі не просіць узнагароды. Пра сумленне, якім не гандлююць.
Стваральнікі спектакля прапануюць гледачам разам узгадаць: што такое быць чалавекам? Бо часам самая вялікая радасць – гэта не знайсці страчанае, а ўсвядоміць, што яно жыве ў нас. І гэтага сапраўды ніхто і ніколі не зможа адабраць.
Надар Думбадзэ – класік грузінскай літаратуры, аўтар, чые творы перакладзены на 96 моў свету. Яго проза – гэта заўсёды дзіўнае спалучэнне камічнага і драматычнага, глыбокага лірызму і самаахвярнай любові да жыцця. Як адзначаў сам пісьменнік, яго героі – нават калі фізічна не бачаць святла – усё роўна здольныя ўбачыць сонца.
“Я, бабуля, Іліко і Іларыён” – адзін з самых вядомых і любімых твораў Думбадзэ. Ён напоўнены цеплынёй, мудрасцю і трапяткім гумарам. Праз бесклапотнае дзяцінства галоўнага героя Зурыко перад гледачамі паўстане свет сапраўдных каштоўнасцяў: сям’і, сяброўства, простых радасцяў жыцця.
Святлана Навуменка, дырэктар тэатра: “Гэтай прэм’ерай мы жадаем звярнуць увагу нашага гледача да самай галоўнай каштоўнасці – быць чалавекам. Быць чулым, міласэрным, шчырым. Быць тым, для каго дабрыня і каханне – гэта не проста словы, а натуральны лад жыцця і існавання”.
РТБД запрашае ўсіх сяброў і аматараў тэатра разам памарыць, усміхнуцца, задумацца і паверыць, што чалавечнасць – гэта не страчаны сэнс. Чалавечнасць, яна побач. Яна – у нас.
Падрабязней пра спектакль “Я, бабуля, Іліко і Іларыён” і даты бліжэйшых паказаў можна знайсці на старонцы спектакля.


