РТБДом: кастрычнік - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

РТБДом: кастрычнік

Традыцыйна напачатку новага месяца РТБД абнаўляе свой відэарэпертуар, каб у вас была магчымасць паглядзець ці перагледзець свае любімыя спектаклі.
РТБДом: кастрычнік

У кастрычніку прапануем вам 3 спектаклі па п’есах замежных аўтараў. “Вецер шуміць у таполях”, “Калека з вострава Інішман” і “Махляры”. Здаецца, гэта добрая падборка, каб і пасмяяцца, і паглыбіцца ў роздумы пра жыццё.

Спектакль “Вецер шумiць у таполях”

(запіс 2022 года)
камічная трагедыя ў дзвюх частках 16+
Цягам жыцця галоўныя героі – ветэраны вайны, якія знаходзяцца перад “тварам вечнасці”, – не страцілі пачуццё гумару, веру ў лепшае і прагнае жаданне ісці да сваёй мары. Яны нават збіраюцца ў паход!
Ці змогуць Густаў, Фернан і Рэнэ зберагчы шчырасць, жыццялюбства, каханне і адвагу перад крокам у вечнасць?..
Камічная трагедыя французскага драматурга Жэральда Сіблейраса – гэта філасофская гісторыя, складзеная з успамінаў, шкадаванняў, мараў і жартаў, напоўнена светлым сумам, дасціпнасцю і іроніяй.
У ролях: Густаў – Максім Брагінец, Фернан – Дзмітрый Давідовіч, Рэне – Арцём Курэнь.

Глядзець анлайн

Спектакль “Калека з вострава Iнiшман” (запіс 2021 года)

трагікамедыя ў дзвюх дзеях 18+
Сучасны ірландскі драматург Марцін МакДонах – гэта “сапраўдная сенсацыя тэатральнай Еўропы”, “цуд сучаснай сцэны”, “Таранціна ад тэатра”. Менавіта так называюць яго самыя строгія крытыкі Старога і Новага свету.
“Калека з вострава Інішман” – першая п’еса з трылогіі ірландскага тэатральнага Таранціна. Пра што гэта гісторыя ў рэжысёрскім прачытанні Аляксандра Гарцуева? Пра нас. Пра тое, што нашыя ўчынкі не заўсёды могуць раскрыць багацце ўнутранага свету. Пра пытанні, якімі кожны з нас задаецца.
Пра адчуванне прыгожага сябе, нават калі знешне ты з’яўляешся абсалютна агідным. Пра моц пры пакалечаным целе.
Пра жыццё, якое мае права на існаванне, нават калі хочацца ад яго збегчы…

Глядзець анлайн

Спектакль “Махляры” (запiс 2024 года)

містычная трагікамедыя 16+
Што можа быць больш азартным, чым сумеснае махлярства? Будзе яно тэатральным альбо картачным – азарт ёсць азарт!
У містычнай трагікамедыі “Махляры” рэжысёра Сяргея Фядотава ідэя бязлітаснага падману становіцца прасторай тэатральнай гульні, абаяльнай і віртуознай.
Глядач зможа пагрузіцца не проста ў свет містыкі, ён адчуе на сцэне прысутнасць тагасветных сіл, у руках якіх апынуцца ўсе ўдзельнікі загадкавага працэсу.
Гатовыя да спектакля, у якім усё – містыка, і містыкі, у якой усё – рэальнасць?

Глядзець анлайн

РТБД працягвае дарыць вам #сапраўдныяэмоцыі, афлайн і анлайн. Дзякуй, што застаяцеся з намі на адной хвалі!

РТБД