ТЫДЗЕНЬ СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ — 2024 - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

ТЫДЗЕНЬ СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ — 2024

З 25 лютага па 3 сакавіка Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі і Цэнтр беларускай драматургіі правядуць Тыдзень беларускай драматургіі “Канцэнтрацыя”.
ТЫДЗЕНЬ СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ — 2024

Адкрывае тыдзень драматургіі тэатралізаванае чытанне арыгінальнага варыянта паэмы “Сымон-музыка” Якуба Коласа, створанае сумесна з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа рэжысёрам Аленай Зміцер. Чытанні адбудуцца на пляцоўцы музея Якуба Коласа.

Падчас Тыдня аматары тэатра і беларускай драматургіі змогуць пабачыць  спектаклі “Карней” па творах Уладзіміра Караткевіча, “Вечар” па п’есе Аляксея Дударава, “Камень дурасці” па п’есе Канстанціна Сцешыка. Акрамя спектаклей можна наведаць новыя і ўлюбёныя сцэнічныя чытанні п’ес: “Мароз” Канстанціна Сцешыка, “Я, бабуся, Іліко і Ларывон” Надара Думбадзэ і Гіга Лордкіпанідзэ ў перакладзе Андрэя Макаёнка, “Лондан” Максіма Дасько.

Таксама запланавана і адукацыйная праграма, якая дапаможа лепш зразумець свет драматургіі і тэатра. Адбудуцца лекцыі  “Сучасная драматургія: ключ да разгадкі” і “Невядомая драматургія: аблічча беларускай класікі”. Першая – пра новую мову сучасных п’ес, а другая – пра драматургічныя творы вядомых беларускіх літаратараў. Для тых, хто хоча пазнаёміцца з “унутранай кухняй”, падрыхтаваны круглы стол “Сакрэты сучаснага тэатра”. Гэта сустрэча з рэжысёрамі, акцёрамі і драматургамі, якія распавядуць пра тэатральную працу. А ў межах майстэрні пісьма можна будзе стварыць уласны тэкст.

На працягу ўсяго тыдня ў фае тэатра будзе праходзіць выстава, звязаная з класічнай беларускай драматургіяй.

Запрашаем усіх жадаючых разам з намі ў свет беларускай драматургіі!

Чакаем вас на Тыдні беларускай драматургіі “Канцэнтрацыя”!

РТБД