Тыдзень сучаснай беларускай драматургіі ў РТБД

Адкрывае Тыдзень сучаснай беларускай драматургіі спектакль «Вечар» па п’есе заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксея Дударава. Лірычная гісторыя пра старых Васіля, Ганну і Гастрыта застаецца актуальнай і ў нашыя часы, як і разважанні аб роднай зямлі, любові і пераемнасці пакаленняў.
Роздумы аб чалавеку і радзіме можна знайсці ў яшчэ адным спектаклі Тыдня – эксперыментальным праекце «Май Хомлэнд». Гісторыя пра сантэхніка Гену становіцца аповедам пра сваё месца, якое шукае кожны. Дарэчы, спектаклі «Вечар» і «Май Хомлэнд» летась прынялі ўдзел у маштабных гастролях тэатра ў г. Шанхай у межах фестывалю «Autumn Is» і Кітайскага Шанхайскага міжнароднага фестывалю мастацтваў.
Нядаўнюю прэм’еру тэатра – спектакль «Хам» па аповесці Элізы Ажэшка, якая двойчы намінавалася на Нобелеўскую прэмію, – таксама можна ўбачыць у рамках Тыдня. Гісторыя пра жыццё сялян Нёманскага краю набывае сапраўдны трагічны маштаб, а спектакль пераносіць літаратурных герояў у прастору па-за часам, акцэнтуючы ўвагу не на гістарычных ці сацыяльных падзеях, а на чалавечых узаемаадносінах і перажываннях.
Перад спектаклем «Хам» пройдзе лекцыя «Беларуская драматургія ХХ стагоддзя і Эліза Ажэшка», падчас якой кіраўнік ЦБД Анастасія Васілевіч і рэдактар ЦБД Яўгенія Бачыла распавядуць аб асаблівасцях твора.

Акрамя спектакляў адбудуцца сцэнічныя чытанні, якія дазволяць аматарам тэатра пазнаёміцца з новымі, актуальнымі для розных узростаў п’есамі. Са сцэны прагучаць «Ма-Сін-Сін» Улады Альхоўскай, «Чаму гэта важна» Юліі Млевы і «Самсон за дзвярыма» Аляксандра Савухі. «Ма-Сін-Сін» Улады Альхоўскай – гісторыя пра і для падлеткаў, у якой праз аповед аб юнацкай штодзённасці ўздымаюцца складаныя экзістэнцыяльныя пытанні. Дзве астатнія п’есы напісаны на XIV Міжнароднай драматургічнай лабараторыі Цэнтра беларускай драматургіі, якая адбылася летась. «Чаму гэта важна» Юліі Млевы – драматычная гісторыя пад грыфам «18+», у якой жанчыны спрабуюць пераадолець адзіноту. А «Самсон за дзвярыма» Аляксандра Савухі – абсурдысцкі тэкст пра лася, які пачаў размаўляць. Пасля ўсіх чытанняў гледачоў чакаюць публічныя абмеркаванні, на якіх атрымаецца падыскутаваць з аўтарамі і акцёрамі.
Запрашаем усіх жадаючых разам з намі ў свет беларускай драматургіі!
Чакаем на Тыдні сучаснай беларускай драматургіі!



