
БЕЛАРУСЬ. ДЫДАКТЫКА
Бліжэйшыя паказы спектакля
Вучонае, дастаткова неэмацыйнае слова “дыдактыка” тут выступае ключом да таго, як адчуць прыгажосць роднай мовы і закахацца ў яе. Душа гэтага спектакля – народная артыстка Беларусі Таццяна Рыгораўна Мархель. У спектаклі праз творы класічнай беларускай літаратуры, праз фальклор, песні, якія яе маці калісьці напявала ёй, Таццяна Рыгораўна ў суправаджэнні выдатнага музыкі Дзмітрыя Лук’янчыка дзеліцца сваім вопытам, разважаннямі аб сваім месцы ў свеце, аб адносінах з людзьмі, рэчаіснасцю, прыродай, сваім народам.
Рэжысёр-пастаноўшчык — Аляксандр Марчанка
Музыка — Дзмітрый Лук’янчык
Рэдактар па адборы літаратурнага матэрыялу — Вера Буланда
Аўтар выцінанкі на афішы — Вольга Бабурына
Узроставыя рэкамендацыі: 12+
Прэм’ера: 20 студзеня 2017г.
Працягласць: 45 хв. без антракту
У спектаклі выкарыстаны ўрыўкі з твораў:
Якуб Колас «Сымон-музыка»
Эліза Ажэшка «Раманіха»
Змітрок Бядуля «Яйкі на вялікдзень»
Васіль Хомчанка «Пры апазнанні –затрымаць»
Іван Мележ «Людзі на балоце»
Янка Купала «Лета»
Віктар Карамазаў «Дзялёжка кабанчыка»
Спектакль створаны пры падтрымцы
- ХІІ Міжнародны фестываль монаспектакляў «ATSPINDYS», Літва, г. Вісагінас, кастрычнік 2018
- Фестываль “Напрамак — Усход”, г. Беласток, кастрычнік 2017
- Дзень беларускага пісьменства (г.Полацк) — верасень 2017
- XVII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна–2017». Спектакль «Беларусь.Дыдактыка» (рэжысёр – Аляксандр Марчанка) — чэрвень 2017
- Дні культуры і славянскага пісьменства (г.Бельск, Польшча) — май 2017
ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ
СТВАРАЛЬНІКІ АБ СПЕКТАКЛІ
Таццяна Мархель
Аляксандр Марчанка
Дзмітрый Лук'янчык
Таццяна Мархель
“Калісьці, яшчэ значна раней да таго, як з’явілася ідэя гэтага спектаклю, Саша Марчанка браў у мяне шмат інтэрв’ю, на аснове якіх Дзмітрый Багаслаўскі напісаў п’есу, літаральна па маім жыцці. Я тады прачытала яе і падумала: “Божа, так адкрывацца нельга, гэта нават грэх нейкі, такім быць адкрытым” – і адмовілася, не дазволіла гэта ставіць на сцэне. Безумоўна, яны мяне зразумелі, і праз некаторы час Саша падаў новую ідэю,вось такога шчырага, адкрытага праекту, пачаў расказваць сваё бачанне спектаклю “Беларусь. Дыдактыка”. Зноў мне было неяк няёмка, нязручна: “Ну, як гэта, сваё асабістае, сакральнае выносіць на сцэну”. Аднак, калі паглыбіцца ў думкі, ісці ад узросту, жыццёвага вопыту – і я ж таксама стараюся нешта браць ад людзей, якіх сустракаю, якія для мяне штосьці новае адкрываюць і штосьці асабістае кажуць, штосьці тое, што для іх саміх з’яўляецца патаемным і важным.
А колькі ў літаратуры нашай і ў пісьменніках можна знайсці гэтага асабістага і шчырага. Памятаю, калі яшчэ працавала ў Віцебску, мы ладзілі вечарыны, на падмурку так званых трох “Б” – Быкаў, Барадулін, Бураўкін. І вось іх чытаеш і думаеш: “людзі, ды такія пісьменнікі адкрываліся, дзяліліся з намі сваім патаемным, чаму ж гэта я не магу падзяліцца чымсьці такім?”
Тыя ж песні нашы беларускія, якія будуць гучаць у спектаклі – гэта таксама ў нейкай ступені маё асабістае, патаемнае. Песні, якія я буду выконваць, – гэта песні маёй матулі.
Сама я з вёскі Шпакоўшчына Смалявіцкага раёна, і колькі жыла там, хадзіла ў школу – заўсёды была мама поруч, якая шмат спявала. І, безумоўна, я проста слухала-слухала гэтыя песні і ніколі не думала, што гэта штосьці такое дзіўнае, каштоўнае. Для мяне гэта было звычайна: спявае і спявае мама – гэта натуральнае наша жыццё.
Мама, памятаю, калі бацька не вярнуйся з фронту, шмат плакала, пакутавала. А потым усё роўна спявала, бо душа прасіла. Ідзе са жніва – пяе, гатуе – пяе, вяселле на вёсцы – пяе, пад усё, што б ні рабіла, спявала. Менавіта таму і песні гэтыя я ведала: спачатку слухала, а потым проста разам спявала з мамай.
І мне добра запомніўся той моманты, калі мяне ўпершыню папрасілі заспяваць нашы з мамай песні ў спектаклі. Я тады працавала ў Віцебску і мы рыхтаваліся да юбілею Якуба Коласа, ставілі “Сымона-музыку”, наш рэжысёр Мазынскі падышоў да мяне і кажа: “Што ты там, маміны песні спяваеш? Ну, паспявай у спектаклі!” Гэта такое дзіва было для мяне: “Як гэта ў спектаклі? Мы дома з мамай пелі, а тут у спектаклі!” А потым пачала: “Ад роднае зямлі, ад гоману бароў, ад казак вечароў, ад песень дудароў” – і чую, як гэта ўсё сутыкнулася. Гэта вось было такое першае мае адкрыццё, што маміны песні могуць вось так існаваць, гучаць у тэатры.
Другі раз было такое маё здзіўленне, калі мне прапанавалі запісаць дзве песні да фільма “Людзі на балоце”. Запісвалі тады дзве песні мы восем гадзін. Памятаю, як мне казалі: спявай, як над зямлёй гэтай – высока, шырока, над балотамі гэтымі, над граззю, каб была цудоўнай зямля гэта, на якой жывуць прыгожыя людзі, героі Мележа. Пасля аператар зняў прыгожыя краявіды і перадаваў тады мне праз калег, што песні выдатна ляглі на кадры.
Такі доўгі шлях, цікавы, складаны, няпросты, але, я думаю, хай праз слёзы, тугу, але гэта варта паказаць, гэты праект варта зрабіць, адкрыцца варта. Каб прыйшла моладзь, паслухала, зразумела, што ёсць у нас наш падмурак, тое, на чым можна стаяць, можна будаваць нешта новае, развіваць і ісці далей. Хочацца, каб яны гэта ведалі, разумелі, таму што гэта наш скарб, які зацікаўлівае і іншыя народы. Тое, што менавіта наша, не сцягнутае з некага, не перапевы чужыя, не перамовы чужыя, ні словы чужыя, а менавіта наша, беларускае.”
Аляксандр Марчанка
“Для мяне, як для чалавека, які знаходіцца на памежжы – я напалову рускі, напалову беларус – шлях да беларускай мовы, беларускай літаратуры, беларускага фальклору і ўвогуле беларускасці быў даволі доўгі.
Я вывучаў беларускую мову і беларускую літаратуру (хаця вырас я ў рускай вёсцы, з рускай бабуляй). У школьныя гады з гэтым было не надта добра. З настаўнікамі мне не пашанцавала. І беларускае асяроддзе ў 90-ыя было вельмі агрэсіўным – дэбаты, рэферэндумы і г.д. Яно заўсёды было звязана з палітыкай, статусам такім – незразумела пра што гэта.
Я вывучаў і ведаў беларускую мову. Напрыклад, ва ўніверсітэце я сутыкнуўся з даволі добрым выкладчыкам беларускай літаратуры. Потым я пачаў карыстацца мовай на рабоце. Але я адчуваў, што чагосці не дастае, не хапае.
Праявы мовы ў яе натуральлнай форме, такім прыгожым выглядзе, якім можна залюбавацца і захапіцца, з’явіліся толькі калі я пачуў песні, якія спявае Таццяна Рыгораўна і Дзіма Лук’янчык. І толькі тады я пачаў гэтую прыгажосць адчуваць. Вось што з’явілася для мяне адпраўной кропкай.
Апошнім часам, ужо ў гэтым усплёску беларускасці, які пачаўся не так даўно, былі размовы кшталту «да што гэта за краіна Беларусь», што «яна інуе толькі 90 гадоў» і «мова беларуская – гэта дыялект рускай». Там, у гэтых гаворках было шмат выказванняў і быў верш, у якім не было ніводнага слова – калькі з рускай мовы. Гэта дае магчымасць зразумець, што традыцыя, насамрэч, даволі даўняя, аўтэнтычная, ніякім чынам не звязаная з рускай мовай, а свая, старабеларуская. І наша праца над спектаклем «Беларусь. Дыдактыка» – гэта таксама спосаб даказаць тое ж самае, але праз вопыт. Вопыт эмацыянальны, назапашаны пакаленнямі, якія адлюстроўвалі ў песнях свае пачуцці – смутак, тугу, радасць, шчасце, весялось і гэтак далей.
Я вынес у назву слова «дыдактыка» (як «раздзел педагогікі, якая …раскрывае заканамернасці засваення ведаў, уменняў і навыкаў і фарміравання перакананняў…») таму, што гэта для мяне ключ. Наша гісторыя [спектакль «Беларусь. Дыдактыка»] – гэта ключ да таго, як адчуць прыгажосць роднай мовы і закахацца ў яе.”
Дзмітрый Лук'янчык
“Спектакль “Беларусь. Дыдактыка” – працяг маёй тэатральнай гісторыі. Да гэтага я ўпершыню сутыкнуўся з тэатральнай пастаноўкай і збіраў музыку да спектакля “Гульня без правілаў і з невядомай мэтай”. І зараз для мяне гэта ў нейкім сэнсе працяг гісторыі вывучэння беларуса праз сур’ёзныя пытанні. З аднаго боку яны вельмі простыя, але з іншага – значна сур’ёзныя і складаныя, так мовіць, уласныя вочы паварочваюць унутр чалавека ўвогуле і беларуса ў прыватнасці. Лічу, што гэта зараз для нас вельмі актуальна, таму што мы праходзім перыяд самаідэнтыфікацыі. Нейкія культуры, нацыі, прайшлі гэты перыяд раней, нейкія пазней, а мы, атрымліваецца, праходзяць яго цяпер. Калісьці здавалася, што мы даўно ўжо сфарміраваныя, аднак час, падзеі, нашыя ж учынкі паказваюць, што яшчэ не. Таму гэтыя спектаклі, якія ставіць Аляксандр Марчанка, своечасовыя, гэта паглыбленае, уцягнутае разважанне аб тым, што і хто мы ёсць.
Для мяне вельмі цікава і ў той жа час вельмі адказна тое, што менавіта ў гэтым няпростым, шчырым і адкрытым спектаклі я магу выступаць не толькі ў ролі музыкі, але і ў ролі акцёра. Аднак якімі б ні былі складанымі і сур’ёзнымі пытанні, тэмы, якія падымае “Беларусь.Дыдактыка”, я жадаю гледачу , а таксама і сабе самому, лёгкасці ўспрымання, як быццам мы назіраем за нейкім натуральным працэсам з паўсядзённага звычайнага жыцця. Думаю, калі мы будзем вельмі моцна напружвацца, можам кудысьці сысці ў бок з таго шляху вызначэння і разумення самаідэнтыфікацыі. Таму менавіта лёгкасць успрымання, як мне падаецца, павінна быць.”
ФОТАГАЛЕРЭЯ
ПРОМАРОЛІК
смі аб спектаклі
Ключ да дыдактыкі жыцця — Ірына Свірко, СБ.Беларусь сегодня, 20.01.2017
Дарога да цябе — Надзея Бунцэвіч, Культура, 21.01.2017
Эффект бабушки – Добрый зритель в 9-ом ряду, СБ.Беларусь сегодня, 23.01.2017.
Дарога да сябе.Таццяна Мархель адважылася на споведзь — Валянцін Пепеляеў, СБ.Беларусь сегодня, 27.01.2017
Спектакль «Беларусь. Дыдактыка» перадае аўтэнтычную прыгажосць — Ірэна Кацяловіч, Звязда, 29.01.2017
Навучанне Беларуссю — Ларыса Цімошык, ЛіМ, 30.01.2017
ВОДГУКІ
Сидя у камина (так казалось), а вовсе не в зрительном зале, ощущать биение сердца настоящей породистой (извините, за не совсем этичное сравнение) белорусски Татьяны Мархель, видеть ее лучезарные, добрые, искренние глаза, слегка увлажненные, слушать фольклорные напевы — это касается и по-доброму задевает! Весь зал не хотел уходить: настолько захватили наши внимание и мысли.. мысли о белорусскости, жизни тогда и сейчас… о людях… Честно признаться, мне хотелось больше аллегоричности, хотя в простоте и незамысловатости есть своя прелесть — это как простодушие белорусского человека. И все же возникли некоторые ассоциации от увиденного: — красные бусы как символ собранности, уверенности, устойчивости: сначала Татьяна сняла их, оголив душу и чувства, но потом негативные воспоминания и рассуждения стали ранить, делали слишком уязвимой, что заставило взять себя в руки и вернуть самообладание (надеть бусы снова). — табуретка — это как уютное место в подсознании; сидя на ней, героиня погружалась в негу светлых и приятных мыслей, душевных песен. [...] спасибо за чудесный вечер, жаль, что он так быстро окончился)
Благодарю сердечно Татьяну Григорьевну за теплые и добрые слова о нас, о нашей Родине, о нашем месте в этом мире. С детства помню голос Татьяны Мархель – Вы образ Маці для нее. Дай Бог вам здоровья, счастья и радости в жизни. Обнимаю Вас!
Дзякуй за шчырасць! Слёзы самі беглі і беглі, быццам нейкі цяжар з душы зваліўся. Шчасця і здароўя Вам, паважаная Таццяна!
Дазволю сабе дзёрзкасць сказаць, што Таццяна Рыгораўна Мархель — Душа Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Сёння Душа спявала, жартавала, сумавала і паказвала нам дарогу да сябе. Хай не пужае строгая назва “Беларусь. Дыдактыка”, спектакль празрысты і ціхі і пакідае пасля сябе жаданне працягнуць яго сваімі асабістымі ўспамінамі…
Таццяна Мархель — гэта адметная творчая адзінка у тэатральным майстэрстве нашай краіны. Актрыса, якая захоувае выдатныя узоры фальклорных абрадавых песень, якія пачула яшчэ у дзяцінстве. У спектаклі «Беларусь. Дыдактыка» былі і спевы, і шчырае прачытанне вершау і прозы беларускіх аутарау пад фантастычны інструментальны фон у выкананні Дзмітрыя Лук’янчыка. Напярэдадні, на Вадохрышча, быу дзень нараджэння актрысы, таму жадаючых павіншаваць яе сабралася значна больш, чым было месц у зале. Урачыста і хораша прайшоу гэты вечар!
ПАКІНУЦЬ ВОДГУК
Усе водгукі на нашым сайце праходзяць мадэрацыю, таму з’яўляюцца на сайце не адразу, а праз нейкі час.