70-годдзе адзначае заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў!

Студзень у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі асвятляе яшчэ адна яскравая дата. 20 студзеня свой юбілей адзначае заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў!
Лёс Валянціна Мікалаевіча Салаўёва – прыклад сапраўднага паклікання. Да тэатра ён спрабаваў сябе ў практычных прафесіях – зваршчыка, электрыка, нават кіраваў пастановачнай часткай народнага тэатра. Але любоў да сцэны перамагла: у 1986 годзе Валянцін Салаўёў скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (курс народнай артысткі Беларусі З.Браварскай).
Вялікая частка яго кар’еры – 26 гадоў (1986–2012) – прайшла на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа ў Віцебску. У 2013 годзе ён стаў акцёрам Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. У 2006 годзе Валянцін Салаўёў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, а ў 2012 годзе яму было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь”.
Шырокі акцёрскі дыяпазон Валянціна Салаўёва дазваляе яму з поспехам выконваць гераічныя, гумарыстычныя, лірычныя і вострахарактарныя ролі ў п’есах сучаснай і класічнай драматургіі. Балбатлівы Джоні Пустабрэх у спектаклі “Калека з вострава Інішман”, камічныя Стараста ў “Ладдзі роспачы” і Заблоцкі ў “Заручынах”, летуценны Густаў у пастаноўцы “Вецер шуміць у таполях”, геніяльны Мурашка ў “Мудрамеры” – усе гэтыя рознахарактарныя ролі таленавіта і яскрава ўвасабляе Валянцін Мікалаевіч у сённяшнім рэпертуары РТБД.
Новымі адценнямі адкрыўся талент Валянціна Мікалаевіча Салаўёва ў ролі Гастрыта ў легендарнай класіцы беларускай драматургіі – п’есе “Вечар” Аляксея Дударава. Бурлівы і свавольны, з’едлівы і абцяжараны злымі ўчынкамі ў мінулым Гастрыт, у той жа час, паказаны праз чалавечы боль і шкадаванне.
Адной з самых яскравых і запамінальных у мінулым сезоне стала роля Тэўе ў прэм’еры 2025 года – спектаклі “Памінальная малітва”. Галоўны герой Тэўе мае самага вернага сябра ў жыцці – Бога. Добры чалавек і руплівы гаспадар праходзіць праз сапраўдныя выпрабаванні: пагромы і высяленне. Паглядзець Валянціна Салаўёва ў спектаклі “Памінальная малітва” ў студзені можна 24 студзеня.

Шчыра віншуем Валянціна Мікалаевіча з 70-годдзем!
Няхай асабісты рэпертуар усё болей узбагачаецца значнымі ролямі! Моцнага здароўя і шчырага гледача!


