Дзякуем за сезон! - РТБД

РЭСПУБЛІКАНСКІ ТЭАТР БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ

Увесь сезон мы праводзілі спектаклі і чытанні, сустрэчы і лекцыі, каб прапанаваць вам, гледачам, не проста бачыць і чуць гісторыі, якія расказаны са сцэны, а шукаць свае сэнсы, асэнсоўваць перажыванні і знаходзіць адказы на важныя пытанні.

У “Сезоне сэнсаў” мы выпусцілі тры прэм’еры.

  • Судакрануліся з моцнай гісторыяй пра лёс чалавека, унутраную барацьбу і сілу духу ў спектаклі “Ладдзя роспачы” паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча.
  • Перанесліся на абшары Нёмана, каб акунуцца ў тонкасці чалавечых узаемаадносін у спектаклі “Хам”, створаным па матывах аднайменнага рамана двойчы намінанта на Нобелеўскую прэмію Элізы Ажэшка.
  • Пагрузіліся ў грузінскі каларыт рамана Надара Думбадзэ “Я, бабуля, Іліко і Іларыён” з яго бясконцай любоўю да жыцця і чалавека, з непаўторнай атмасферай цеплыні, мудрасці і трапяткога гумару.

У “Сезоне сэнсаў” мы дзяліліся сваімі сэнсамі з гледачамі па ўсяму свету.

  • З 25 лістапада па 7 снежня 2025 года Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі і Цэнтр беларускай драматургіі ўпершыню паказаў свае спектаклі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Аўтарскі праект “Май хомлэнд” аб сваім месцы ў свеце і знакаміты “Вечар” паводле аднайменнай п’есы Аляксея Дударава атрымалі шматлікія цёплыя водгукі ад шанхайскай аўдыторыі. Любоў да беларускага тэатра аказалася настолькі моцнай, што ў чэрвені 2026 года спектакль “Вечар” зноў быў паказаны ў Шанхаі.
  • Паспяхова прайшлі гастролі тэатра ў Вялікім Ноўгарадзе на XXIX Міжнародным фестывалі тэатральных мастацтваў Ф. М. Дастаеўскага. Спектакль “Махляры” пагружаў у свет містыкі і азарту расійскага гледача.
  • Ва Уладзіміры на IV Міжнародным тэатральным фестывалі камерных і монаспектакляў “Тэатр. Тэрыторыя яднання” быў паказаны спектакль “Адамавы жарты”. Беларускі каларыт, яскравыя жарты і тэма ўзаемаадносін, вельмі камічна паказаная на сцэне, не пакінулі абыякавымі нікога!

Акцёры тэатра атрымлівалі падзякі і ўзнагароды.

  • Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў удастоены вышэйшай узнагароды Беларускага саюза тэатральных дзеячаў – прыза “Крыштальная Паўлінка” .
  • Юлія Гружэўская стала пераможцам у намінацыі “Найлепшая жаночая роля ў спектаклі тэатра драмы” за ролю Барбары ў спектаклі “Заручыны”, які быў удзельнікам VIII Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія”.

На працягу сезона Цэнтр беларускай драматургіі ладзіў сцэнічныя чытанні, лекцыі, прысвечаныя беларускай драматургіі і рэжысуры, а таксама правёў міжнародную драматургічную лабараторыю.

З 31 сакавіка па 6 красавіка 2026 года на базе РТБД праходзіла Міжнародная тэатральная акустычная школа для краін СНД і Грузіі – творчая ініцыятыва Міжнароднай канфедэрацыі тэатральных саюзаў. Праект аб’яднаў больш за 40 рэжысёраў, харэографаў, драматургаў і акцёраў з Беларусі, Малдовы, Расіі, Таджыкістана і Туркменістана. Кіраўнік Школы – Віктар Анатольевіч Рыжакоў, рэжысёр, выкладчык Школы-студыі ММАТ.

Вынікам працы стала музычна-драматычнае дзейства, заснаванае на міфах, легендах і казках краін-удзельніц Садружнасці і аб’яднанае агульнай тэмай – назіранне за птушкамі.

Здаецца, гэты сезон сапраўды быў напоўнены сэнсамі, эмоцыямі, шчырымі сустрэчамі з вамі і вялікім задавальненнем ад той працы, якую мы робім кожны дзень! Мы вельмі радыя, калі вы дзеліцеся сваімі пачуццямі і думкамі з намі! Кожны ваш водгук, каментар і проста цёплыя словы пасля спектакля – сапраўдная каштоўнасць для нас! Дзякуй вам за гэта!

Наступны тэатральны сезон пачнецца 20 жніўня спектаклем “Ладдзя роспачы”.

Звяртаем вашу ўвагу! З 11 ліпеня 2026г. па 16 жніўня 2026г. каса тэатра будзе знаходзіцца ў адпачынку. Падрабязней пра расклад працы касы на ліпень-жнівень 2026 года глядзіце тут.

Набыць квіткі на спектаклі можна анлайн на нашым сайце, а таксама ў нашых партнёраў – білетных аператараў 24afisha, Bycard, Ticketpro, Bezkassira, Kupalauski.

Дзякуй вам за тое, што былі з намі напрацягу XXXIV “сезона сэнсаў”! Будзем рады бачыць вас у юбілейным XXXV тэатральным сезоне!

 

РТБД